У Заполлі і Бенцяях у гэтыя чароўныя дні можна сустрэць казу з мядзведзем. Старадаўні абрад святкавання Каляды адраджаюць вучні Запольскага дзіцячага садка-сярэдняй школы.
DSCN1640Настаўніца Людміла Фёдарава, кіраўнік мясцовага краязнаўчага гуртка распавяла, што традыцыі святкавання перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Таму на вёсцы мала каго здзіўляе, калі калядоўшчыкі па хатах ходзяць, казу водзяць.

Дзятва ахвотна прымае ўдзел у тэатралізаваным шоу, а інакш і не назавеш тое, што адбываецца ў гаспадарскай хаце і на падворку. З нецярпеннем чакалі Калядаў Кацярына, Уладзімір, Таццяна і Аліна Фёдаравы, Канстанцін Дзмітрачэнка, Таццяна Ларыёнава ды Ілля Сімпорахаў. Менавіта ім даручылі адказную місію — прынесці свята ў хаты аднавяскоўцаў. Падчас імпрэзы, у якой усхвалялі тых, хто шчодра прымаў госцейкаў, ды абсыпалі шматлікімі пажаданнямі : «Усяго даволі, бяды — ніколі. Каб мірна, весела жылося, каб хацелася і маглося! Збожжа поўныя клеці, павагу ў свеце!». Без работы не засталася і «цыганка». Яна варажыла жадаючым. Месцічы з інтарэсам уключаліся ў прапанаваную гульню, а яна была сапраўды цікавая і насычаная абрадавымі дзеяннямі.

Пра шчодрасць гаспадароў, да якіх завітала вясёлая кампанія, сведчылі шматлікія прысмакі. Надышлі Калядкі, у хатах — бліны ды аладкі. Вяскоўцы і сёння імкнуцца як мага лепей адарыць госцейкаў, бо лічыцца, што чым больш шчодрыя дары даць ім, тым больш багаты будзе год.

Пад кіраўніцтвам Людмілы Фёдаравай і яе калегі Наталлі Вязьмёнавай галоўныя дзеючыя асобы калядных свят не абмінулі ўвагай калектыў Запольскай участковай бальніцы. Ва ўстанове чакалі калядоўшчыкаў не толькі медработнікі, але і тыя, хто знаходзіцца тут на сацыяльных ложках.

…Святкаванні з вячоркамі скончацца. У памяці дзятвы яны застануцца яркай, маляўнічай старонкай у справе па духоўным адраджэнні абрадаў і традыцый сваіх продкаў, беларускай нацыянальнай культуры.

Кругаварот жыцця бясконцы: ужо зараз запольскія школьнікі чакаюць з нецярпеннем і салодкім пачуццём набліжэння свята наступных Калядаў.

Таццяна Дзіканава.

1 комментарий для “Старадаўні абрад святкавання Каляды адраджаюць вучні Запольскага дзіцячага садка-сярэдняй школы

Обсуждение закрыто.