Бягучы год у культурным асяроддзі краіны праходзіць пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 135-годдзя з дня нараджэння вялікіх песняроў нашага краю, класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ім прысвячаюцца кніжныя выставы, літаратурныя вечарыны, гадзіны паэзіі, конкурсы творчых работ.

На здымку: на сенажаці

На пачатку лета ў раённай  цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме быў аб’яўлены фотаконкурс пад назвай «Літаратурны персанаж» па творах беларускіх аўтараў. У яго межах цікавае літаратурнае свята правяла Варонаўская сельская бібліятэка.

Загадзя старанна рыхтавалася да яго бібліятэкар Ганна Літвінка са сваімі чытачамі-актывістамі. Падчас літаратурнай гадзіны нагадалі агульнавядомыя творы беларускіх песняроў. Спыніліся на паэмах «Яна і я» Янкі Купалы і «Сымон-музыка» Якуба Коласа. Выбралі галоўных герояў для інсцэніроўкі. Імі сталі вучні Варонаўскай сярэдняй школы Андрэй Кротаў, Аляксандра Каваленка і Вольга Шышкіна. Бацькі юных артыстаў актыўна падключыліся да падрыхтоўкі мерапрыемства. Да прыкладу, Васіліна Каваленка стала мастацкім рэдактарам, ідэйным натхняльнікам і фатографам.

На здымку: інсцэніроўка «Сымона-музыкі»

У бібліятэчным дворыку аформілі кніжную выставу «Гонар беларускай літаратуры», ну а тэатралізаваную пастаноўку, як і належыць, правялі на прыродзе. А як жа інакш? «На крыжавых пуцінах з ёй сустрэўся» — так пачынаецца паэма «Яна і я», у якой паэтызуецца каляндарнае кола сялянскіх заняткаў, працоўных будняў, пастаянных клопатаў і рэдкіх святаў; апяваецца жаночая прыгажосць і радасць кахання. Кожны раздзел твора — гэта абразок вясковага побыту: «У хаце», «За кроснамі», «Радаўніца», «Сяўба». Для інсцэніроўкі выбралі «На сенажаці»  — у летні перыяд у наваколлі аг. Вароны лёгка знайсці адпаведны пейзаж. Кабылу па клічцы Марціна на час пастаноўкі пазычылі ў мясцовага жыхара Аляксандра Трафімавіча Сысоева, узброіліся сялянскімі прыладамі — граблямі, віламі, посудам і накіраваліся на ліпеньскі луг.

Юныя артысты не проста пазіравалі перад фотакамерай — чыталі славутыя радкі, насычаныя клічнікамі, паўзамі, інтанацыйнымі перападамі.
Бераг возера Палонскага стаў месцам інсцэніроўкі паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка» — гэтай своеасаблівай мудрай казкі-песні. Сымонка іграў на дудачцы, а вясковыя дзяўчаткі ў кароткі перыяд адпачынку ад сялянскай працы басанож скакалі па траве…

Юныя варонаўскія артысты разам з паэтамі-песнярамі «зазірнулі ў душу беларуса», праз сцэнічныя вобразы пастараліся перадаць маляўнічую прыгажосць прыроды, сялянскі побыт, жыццё вясковае ў будні і святы.

Ніна Сталярэнка