Тэма Халакоста з болем праходзіць па шмат якіх краінах свету, дзе нацысцкія захопнікі знішчалі людзей па прыналежнасці да пэўнай нацыі.
На здымку: на вечары памяці ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі
У кастрычніку паўсюдна ладзіліся мерапрыемствы, прысвечаныя памяці Мінскага гета, дзе загінула сто тысяч яўрэяў. У сталічнай філармоніі прайшоў вечар памяці, прысвечаны 75-годдзю знішчэння гета. На ім прысутнічалі родныя сям’і Кузьміных з в. Машкіна Заронаўскага сельсавета. Ганаровае званне «Праведнікі народаў свету» ад Дзяржавы Ізраіль атрымалі чацвёра з гэтай сям’і. Ім уручаны медаль і грамата. Зазначу, што такога звання ўдастоены ў гэтым годзе толькі дзве сям’і з Беларусі.
На здымку: ганаровы медаль
Герояў здзейсненага ў гады Вялікай Айчыннай вайны подзвігу ўжо даўно няма ў жывых. Іх унукі і праўнукі атрымалі ўзнагароды з рук міністра іміграцыі і інтэграцыі Ізраіля Софы Ландвер. У грамаце напісана, што на пасяджэнні спецыяльнай камісіі, створанай пры нацыянальным інстытуце памяці катастрофы і гераізму Яд-Вашам, ад 4 снежня 2017 года на аснове пададзеных сведчанняў вырашана ўдастоіць Назара і Ганну Кузьміных, а таксама іх дзяцей Аксану і Фёдара, якія ў гады фашысцкай акупацыі рызыкавалі сваім жыццём дзеля выратавання праследуемых яўрэяў, звання «Праведнікі свету». Іх імёны будуць высечаны на сцяне Гонару на алеі праведнікаў Яд-Вашам.
Пра гісторыю выратавання яўрэйскага хлопчыка Лейбы Верабейчыка пісала раённая газета. Заронаўскі музей ганарыцца, што наша даследчая праца прынесла такі вынік.
Людміла Нікіціна, краязнаўца