Ганна Перліна (Лаўрыновіч) нарадзілася ў вёсцы Дрыгучы, што на Міёршчыне. Скончыла аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага, дзе пазнала хараство выцінанкі праз навучанне ў вядомых майстроў Лізаветы і Наталлі Чарвонцавых. Вышэйшую адукацыю набыла ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Першым месцам работы быў Дзісненскі Дом рамёстваў, дзе пачала працаваць метадыстам-майстрам у 2012 годзе. Пасля стала вядучым метадыстам у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, а сёння тут знаходзіцца на пасадзе галоўнага мастака.
На здымку: Ганна Перліна.
Ганна Вадзімаўна — актыўная ўдзельніца шматлікіх конкурсаў, выстаў, канферэнцый. Яе работы неаднаразова выстаўляліся падчас рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Вясновы букет» у Мінску, абласнога свята нацыянальных культур «Нас з’яднала зямля Беларусі», экалагічнага фестывалю «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», выставы-кірмашу «Горад майстроў» у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Выцінанкі Перлінай былі адзначаны экспертамі на Міжнароднай выставе «Сусветнае мастацтва папяровай выразкі-2015» у Вільнюсе. Зусім нядаўна Ганна Вадзімаўна стала ўдзельніцай майстар-класаў ад беларускіх майстроў, што праходзілі ў Майшягале (Літва).
Яе выразанкі выкарыстоўваюцца ў афармленні кніг і знаходзяцца ў фондах абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, прыватных калекцыях у Расіі, Літве, Германіі. Асноўная тэматыка работ Перлінай — арнаментальныя кампазіцыі ў квадраце, дэкаратыўныя кампазіцыі з расліннымі матывамі, птушкамі, жывёламі, народныя святы, архітэктурныя ансамблі роднага краю.
ФАКТ. Выцінанка (выстрыганка, выразанка) — гэта старажытны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; ажурны ўзор, выразаны з белай, чорнай або каляровай паперы.
У беларускай культуры былі найбольш пашыраны аднаколерныя выцінанкі. У ХІХ – першай палове ХХ стагоддзяў выцінанкі ўжываліся для афармлення жылля, выкарыстоўваліся ў якасці аздаблення інтэр’ера на святы. Сучасная беларуская выцінанка вылучаецца багатай разнастайнай тэматыкай, але заўсёды арыентуецца на народныя традыцыйныя матывы.
Андрэй Струнчанка