Увыставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці працуе выстава вырабаў майстра цэнтра народных мастацкіх рамёстваў «Адраджэнне» Віцебскага раёна Дзіны Даўгяла «Погляд у мінулае».
Касцюмы, выкананыя Дзінай Даўгяла.
Выстава арганізавана ў межах арт-праекта «Партрэт майстра», які рэалізуецца на базе АМЦНТ.
Дзіна Міхайлаўна скончыла Віцебскае вучылішча мастацтваў па спецыяльнасці арганізатара культурнай дзейнасці, кіраўніка хору народнай песні, але на гэтым не спынілася, вырашыла набыць яшчэ адну прафесію, і сёння таленавіты майстар мае таксама дыплом тэхнолага швейнай вытворчасці.
У цэнтры рамёстваў «Адраджэнне» Дзіна Даўгяла працуе з 2013 года. Зарэкамендаваля сябе добрасумленным спецыялістам, да любой справы адносіцца з поўнай адказнасцю.
Майстрыцы падуладна розная тэхніка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: набіванка, выцінанка, пашыў народных і сцэнічных касцюмаў, выраб лялек з тэкcтылю і іншыя. Акрамя практычнай дзейнасці Дзіна Даўгяла займаецца і навуковай — распрацоўвае метадычныя матэрыялы па асвоеных відах народных рамёстваў, абапіраючыся на этнаграфічныя асаблівасці.
Дзіна Міхайлаўна — творчы і апантаны чалавек. Яна — член народнага клуба народных мастацкіх рамёстваў «Традыцыя», што дзейнічае на базе «Адраджэння», прымае ўдзел у шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, дае майстар-класы.
У дзень адкрыцця выставы дырэктар Віцебскага АМЦНТ Кацярына Лабука ў якасці сувеніра падарыла Дзіне Даўгяла альбом-каталог «Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны», які стане настольная кнігай і дапаможа ў дасягненні новых вяршынь.
А. СТРУНЧАНКА.
Фота прадстаўлена
Віцебскім АМЦНТ.