Калектыўная праца заўсёды дае станоўчы вынік. У чарговы раз гэта паказаў суботнік, які прайшоў па ўсёй Беларусі. Прыемна назіраць, як на вачах прыгажэюць падчас уборкі родныя мясціны.
Калектыў Заронаўскага дзіцячага сада пачаў «суботнічаць» яшчэ ў панядзелак: прывялі ў парадак вуліцу Паркавую — гэта пад’езд да садка, у в. Жыгалава добраўпарадкавалі магілу А. Мухіна. А ў суботу працавалі на сваёй тэрыторыі, дзе займаліся абрэзкай і пабелкай дрэў, пасадкай туй і афармленнем новай клумбы. Таксама «дзетсадаўцы» бялілі дрэвы паабапал трасы Віцебск-Сіроціна.
Акрамя мясцовых жыхароў, у Заронава працавалі і гараджане. Да нас прыехалі віцебскія мытнікі ў складзе 26 чалавек. Зразумела, што такой грамадой можна зрабіць шмат. На працягу трох гадзін актыўнай працы на воінскім мемарыяле ўстанавілі бардзюры на пахаванні 2018 года, там жа пачысцілі тратуарную плітку, прапалолі кветнікі, зграблі прашлагодняе лісце, пабялілі дрэвы вакол мемарыялу. Мы дамовіліся з мытнікамі пра далейшае супрацоўніцтва. Зазначу, што нашы дабравольныя памочнікі прыехалі са сваімі дзецьмі, якія таксама працавалі.
Пасля суботніка для гасцей мы правялі экскурсію па народным комплексным музеі «Гісторыя Заронаўскага краю». Уразілi нашых сяброў мемарыял і музей. Яны даведаліся, што на Заронаўшчыне ў гады вайны адбываліся жорсткія баі, вялікія страты панесла наша армія. Пра гэта трэба ведаць, пра гэта трэба помніць.
Людміла НІКІЦІНА