У сакавіку споўнілася 170 год з дня нараджэння вядомага гісторыка, краязнаўцы, археолага і грамадскага дзеяча Аляксея Парфёнавіча Сапунова, жыццё якога непарыўна звязана з Прыдзвінскім краем.
Свой жыццёвы шлях ён прысвяціў вывучэнню гістарычнага мінулага Полацка-Віцебскага краю, а некаторы час жыў у фальварку Кахоўка, што блізка ад Мазалава.
Менавіта з гэтай нагоды ў Мазалаўскай сельскай бібліятэцы адбыліся выстава літаратуры «Летапісец нашага краю» і вечарына памяці «Сцяжынкамі Аляксея Сапунова» (на здымку).
Нарадзіўся Аляксей Парфёнавіч у 1851 годзе ва Усвятах (на той час населены пункт уваходзіў у склад Віцебскай губерні, цяпер — Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Скончыў мужчынскую гімназію ў Віцебску, гістарычна-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Працаваў выкладчыкам, архіварыусам.
Самай вядомай яго працай стаў зборнік «Віцебская старына», а першай — нарыс «Гістарычныя звесткі пра Віцебскі замак» (змешчаны ў «Памятнай кніжцы» Віцебскай губерні за 1881 год). Высокую адзнаку атрымалі і іншыя працы гісторыка — «Рака Заходняя Дзвіна», «Губернскі палац у Віцебску» і іншыя.
Перастала біцца сэрца Аляксея Парфёнавіча ў 1924 го-дзе ў Віцебску, дзе памяць пра летапісца захоўваюць, а імя вядомага гісторыка шануюць.
Дарэчы, 11 сакавіка ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Руплівец беларускай даўніны».
А. СТРУНЧАНКА,
магістр гістарычных навук