Танцавальная пара з Віцебскага раёна ў складзе Яўгена Акуліча і Ксеніі Прызба (на здымку) ўдастоена дыплома 3-й ступені ў VIII адкрытым турніры нацыянальных танцаў «Танчым разам», што прайшоў падчас «Славянскага базару».

Турнір праходзіў у тры туры. Пасля кожнага частка пар, якая набрала найменшую колькасць балаў, пакідала танцпляцоўку. У праграме было 9 (!) танцаў. У першым туры Яўген і Ксенія выконвалі «матлет», «суботу» «верацяно», «Кацярынку», «нарэчанькі», «ойру», «серабранку», дакладней, пэўны малюнак, якім характарызуецца кожная харэаграфічная пастаноўка. У фінальным туры яны бліскуча паказалі «Сямёнаўну». Гэта танец-імправізацыя, які суправаджаецца прыпеўкамі, іх па-заліхвацку праспявала Ксенія.

Наша пара ў гэтым складзе другі год запар займае прызавое месца ва ўзроставай катэгорыі 30–50 год. Яўген і Ксенія — удзельнікі фальклорнага калектыву «Жывая спадчына», што дзейнічае на базе Тулаўскага сельскага дома культуры. Яны не прафесійныя танцоры, а самавучкі-аматары. Да турніраў рыхтуюцца самастойна, абапіраючыся на сведчанні фальклорных экспедыцый па населеных пунктах раёна, у якіх удзельнічалі ў розныя гады.

Сёлета ў турніры прынялі ўдзел больш за 70 танцавальных пар з Магілёва, Гомельшчыны і розных раёнаў Віцебскай вобласці.

Ніна ТОНІНА