Поле зноўку цешыць рунню, песня жніўная лунае… Шчодры ўраджай пазваў на ніву хлебаробаў. Вырашылі не парушаць дзедаўскіх традыцый працаўнікі Віцебскай бройлернай птушкафабрыкісправілі зажынкі.

Ужо здалек была бачна гатоўнасць камбайнераў выйсці ў поле. Побач з айчыннымі КЗС-1218, парк якіх да ўборачнай прырос на дзве адзінкі, красуюцца галандскія «New Holland». Каб у полі справа ладзілася, новы ўраджай бласлаўляюць. Гэта добрая традыцыя, з якой пачыналі адказную справу нашы продкі, лічаць механізатары. Сёння — гэта яшчэ і добрая прыкмета, упэўнены настаяцель Лужаснянскага храма Узнясення Гасподня протаіерэй Міхаіл.

—Вось табе, гаспадар, наш сноп жыта, каб усе былі сыты, — з такімі словамі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Варонаўскага Дома культуры перадалі залаты «букет» намесніку генеральнага дырэктара ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» па сельскай гаспадарцы Сяргею Шаўчуку.

Звяртаючыся да хлебаробаў, спецыялістаў, ён падкрэсліў, што сёння гаспадарка разлічвае на неблагі ўраджай:
Жніво ў гаспадарцы пачалі з рапсу. Яго, а гэта 203 гектары, убралі менш чым за ты¬дзень. Цяпер надышоў час хлебнай нівы. У полі знаходзіцца 3302 гектары збожжа. У мінулым годзе каравай пацягнуў амаль на 10 тысяч тон, у гэтым жа ён павінен пацяжэць на некалькі тысяч, — гледзячы на ніву, сцвердзіў гаспадар, падкрэсліўшы, што цяпер справа за механізатарамі, вадзіцелямі, занятымі на адвозцы зерня, іх уменнем працаваць адзінай дружнай камандай.

Самі ж хлебаробы, адчуваючы адказнасць, настроены па-баявому. Сярод тых, хто будзе задаваць тон жніву, перадавікі мінулага года — браты Сільчанкі. Старэйшаму Віктару зусім крыху не хапіла да паўтаратысячатоннага намалоту. Усміхаецца, што сёлета накіроўвае свой камбайн на… «Дажынкі», алеперш-наперш трымае курс на шчодры ўраджай.

Сярод тых, хто таксама будзе прытрымлівацца гэткага накірунку, моладзь. Дзмітрый Карповіч і Уладзімір Еўстаф’еў ужо, што называецца, адчулі тэхніку, абкаталі новенькія КЗС-1218 на рапсе.

—Распрацаваны ўмовы матэрыяльнага і маральнага стымулявання на ўборцы. У сваю чаргу будзе весціся кантроль за выкананнем патрабаванняў тэхнікі бяспекі, аховы працы. Кожны дзень будуць падводзіцца вынікі спаборніцтва сярод механізатараў і вадзіцеляў. Прадугледзелі на прадпрыемстве і харчаванне хлебаробаў. Двойчы ў дзень яго будуць падвозіць з фабрычнай сталовай на поле. 80% ад кошту бярэ на сябе гаспадарка, — гаворыць С. Шаўчук, падкрэсліваючы, што самае галоўнае — укласціся ў адведзены тэрмін і правесці ўборачную якасна, без страт.

Працаваць у полі прыйдзецца ад расы да расы. Канешне, свае карэктывы можа ўнесці надвор’е. Менавіта непагадзь палажыла наліўны колас у пачатку месяца на 15% плошчаў. Аднак усім цяжкасцям у гаспадарцы проціпастаўляюць высокую арганізацыю працы і выключную адказнасць кожнага ўдзельніка жніва. Каб іх шлях да ўраджаю  суправаджала сонейка, жнейкі сімвалічна ўручылі камбайнерам вяночкі, зробленыя з любоўю да роднага краю і пашанай да пачэснай хлебаробскай справы.

Каб камбайны не ламаліся, а працоўныя рукі не стамляліся, жадалі артысты. Хто ведае, калі яшчэ ім будзе час адпачыць вось так, з добрай песняй разам…

Таццяна Дзiканава.
Фота аўтара.

Советуем прочесть:

 

ЗДЕСЬ вы можете задать ВОПРОС специалисту и получить на него квалифицированный ОТВЕТ

 

АФИША Витебска и Витебского района

 


2 комментария для “Працаўнікі Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі справілі зажынкі (+ фота)

  1. Это, конечно, хорошо, что не забывают люди различные традиции, обряды, возможно, эти действа придают силы и сопутствуют удаче

  2. Вялікі дзякуй аўтару, што менавіта на беларускай мове паведаміла пра падзею. Бачна, што на полі адбылося сапраўднае свята, з якога пачалі жніво працаўнікі птушкафабрыкі.

Обсуждение закрыто.