З мэтай захавання народных свят, абрадаў і традыцый, развіцця народнай творчасці і выхавання моладзі на аснове нацыянальных культурных традыцый у аг.Акцябрская прайшоў раённы агляд-конкурс народных свят і абрадаў зімовага перыяду “Зімовыя святкі”.

Вядучымі конкурсу і ўсяго тутэйшага свята выступілі казачныя і сапраўды беларускія героі — Хатнік і Кікімара. (У гэтыя ролі добра ўжыліся дырэктар раённага метадычнага цэнтра Андрэй Струнчанка і кіраўнік  раённага Цэнтра рамёстваў «Адраджэнне» Вольга Логінава). Кожны з іх – галоўны ў сваім «каралеўстве»: Хатнік – у доме, Кікімара – у лесе, сярод дрэў ды звяроў. Але стала сумна лясной уладарыцы ўсё адной ды адной, вось і вырашыла яна  да Хатніка пайсці ды святы святкаваць разам з народам.

А ў вёсцы там (г.зн. у Акцябрскім Доме культуры) ужо сабралася шмат народу, ды з розных месцаў, каб не толькі справіць Калядкі, але яшчэ і пасупернічаць паміж сабой за захаванне мясцовага стылю, за самабытнасць і адметнасць выканальніцкага майстэрства. Сярод удзельнікаў былі  калектывы раённага Цэнтра рамёстваў «Адраджэнне», Капцянскага, Акцябрскага, Варонаўскага і Сушчоўскага Дамоў культуры. Усе яны прадставілі на суд гледачоў і журы сваю варыяцыю калядавання.

Супрацоўнікі Капцянскага СДК выканалі абрад «Паехала Каляда-Калядзіца». Калядуючыя разам з абавязковым сімвалам святак – «казой» – прыехалі да суседзяў з песнямі і танцамі за гасцінцамі – гэта народны традыцыйны звычай абходу хат. Дарэчы, у аснове ўсяго гэтага дзейства заўсёды ляжала старажытная абраднасць, агульным прызначэннем якой было забеспячэнне добрага ўраджаю ў новым гаспадарчым годзе пры дапамозе магічных дзеянняў.

Культработнікі з Сушчова ўвогуле правялі «Калядную гульнятэку», што гледачам прыйшлося даспадобы. З каларытнай і харэзматычнай вядучай, якая пазнаёміла ўсіх са старажытнымі каляднымі забавамі, было вельмі весела. Так як улетку нашым продкам было не да гульняў, то адпачываць і гулі гуляць яны маглі толькі на зімовыя святкі. Таму і галоўнай тэматыкай на Калядкі заўсёды была шлюбная. Падчас падобных гульняў (напрыклад, «Сусед і суседка», «Журавель», «Яшчур») хлопцы і дзяўчаты прыглядалі сабе пару, а па восені вяселле гулялі.

Чарадзейная атмасфера панавала на сцэне Акцябрскага Дома культуры падчас выступлення варонаўцаў. Кожны жадаючы з залы мог падняцца на сцэну і паваражыць на сваю будучыню. Вось як гэта было: дзяўчаты і хлопцы кідалі чаравікі цераз плячо і глядзелі, з якога ж боку прыйдзе да іх суджаны ці суджаная. Была варажба і толькі для дзяўчат: трэба было з пасудзіны ўзяць, нягледзячы, жменю зярняткаў, а потым паглядзець, што ж там яшчэ акрамя. А знайсці там можна было пярсцёнкі. Па тым, з якога металу яны былі выраблены, і прадказвалі, які ў каго будзе муж.

Яркі нумар атрымаўся ў супрацоўнікаў Акцябрскага СДК і Цэнтра рамёстваў «Адраджэнне». Калядкі ў іх праходзілі не толькі з традыцыйнымі казой і мядзведзем, а яшчэ і з буслікам. Аказваецца, гэту птушку водзяць калядаваць жыхары Гомельшчыны, бо яны вераць, што яна нібыта прадказвае лёс. Шквал апладысментаў сарваў мішка, які аказаўся на рэдкасць бойкі: удзельнічаў у конкурсах, цалаваўся з дзяўчатамі і ўвесь час шчодра раздаваў паклоны. Словам, усе засталіся задаволеныя.

Для падвядзення вынікаў агляду-конкурсу было створана журы, якое вылучыла пераможцу і лепшых па наступных крытэрыях: мастацкай каштоўнасці свят і абрадаў, навізне і актуальнасці творчай задумы, кампазіцыйнай цэласнасці і іншых.

Званне лаўрэата конкурсу было аддадзена капцянцам. Астатнія ўдзельнікі атрымалі ганаровыя граматы ў розных намінацыях. Напрыклад, «За самабытнасць і адметнасць выказальніцкага майстэрства» ўзнагародзілі раённы цэнтр рамёстваў;  «За пераемнасць і захаванне традыцый мастацкай культуры свайго краю» – Варонаўскі СДК; у намінацыі «За захаванне народных гульняў» лепшым прызнаны Сушчоўскі Дом культуры.
На Калядках можна было паглядзець выставу вырабаў раённага Цэнтра рамёстваў і пасмакаваць нацыянальную кухню.  Беларускія дранікі, гародніна, сала – такая смачная «раскоша» прапаноўвалася гасцям.
Па выніках агляду-конкурсу ў хуткім часе плануецца выданне зборніка лепшых сцэнарных распрацовак народных свят і абрадаў «Зімовыя святкі».

Лиза Красаўцава.
На здымках: Вольга Логінава прадстаўляе рамесныя вырабы; артысты Капцянскага СДК.
Фота аўтара.