Сімвалічнымі “Зажынкамі” пачалі ўборку збожжа працаўнікі ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка”. Наперадзе некалькі тыдняў крапатлівай і нялегкай працы, якая патрабуе ад удзельнікаў жніва поўнай аддачы і працавітасці на хлебных палетках.

«Зажынкі» ў Віцебскім раёне

хлеб-соль Надзеі Грыбанавай

Шырокая ніва плошчай 3597 гектараў чакае  хлебаробаў адкрытага акцыянернага таварыства, а ячшэ ім неабходна ўбраць  411 гектараў рапсу. Каб сабраць важкі ўраджай і выйсці ў лідэры уборачнай, у аграрнікаў птушкафабрыкі ёсць усё: людзі, адданыя сваёй працы, тэхнічныя сродкі. Толькі за апошніх некалькі год камбайнавы парк абнавіўся на 50%.

“Зладжанай працы, добрага надвор’я і цяжкага коласа, — задала баявы настрой намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка” па сельскай гаспадарцы Надзея Грыбанава, падкрэсліўшы, што хлеб на палетках неблагі. — Цяпер галоўная задача хутка ўбраць яго. І тады зерне нашых палёў, зліваючыся ў жытнёвую раку, ляжа вялікім караваем на стол.

музычныя віншаванні ад «Вераснянкі»

…На курынскім полі жыта красавала, кланялася ветру, колас налівала, у шырыні бяскрайняй разлілося морам… Менавіта там руплівыя жнейкі і зжалі першы снапок. Яму ў народзе надавалі асаблівае значэнне. Гэты “зажын” гаспадары захоўвалі ў чырвоным куце за абразамі ўвесь год. Прымаючы сонечны “букет”, галоўны аграном Марына Сярэбранікава выказала пажаданне кожнага з прысутных: “Няхай гэты сноп стане задзелам добрага ўраджаю”. Яшчэ адным сімвалічным падарункам шчодра надзялілі мясцовых хлебаробаў артысты мастацкай самадзейнасці Мазалаўскага Дома культуры. Невыпадкова менавіта сюды яны прынеслі Багач — лубку з зернем новага ўраджаю, у якую ставіцца свечка. З ім раней абыходзілі ўсю вёску і пакідалі ў лепшых гаспадароў на ўвесь год, каб Багач прыносіў дабрабыт. Лепшае ж багацце ў працаўнікоў вёскі зараз на хлебных ніўках, якія пакрысе скошваюцца. Ужо ў гаспадарцы убрана больш за дзвесце гектараў збожжавых, ураджайнасць складае 32 ц/га. Плошча скошаных палеткаў магла быць большай, калі б не сапсавалася надвор’е, якое прыпыніла ход уборачнай, а ў некаторыя гадзіны  і ўвогуле паралізавала працу. Адзін з лідэраў мінулага жніва Юрый Сільчанка ад імя ўсіх камбайнераў, а сёлета ўбіраць хлеб з палёў акцыянернага таварыства будуць 11 экіпажаў, паабяцаў, што механізаваны атрад не падвядзе.

сноп жыта, каб усе былі сыты

Кропля дажджу ўпала на зямлю. Зямля напаіла зярно. Зярно стала хлебам. Хлеб стаў песняй. А калі ёсць хлеб і песня ў выкананні народнага ансамбля “Вераснянка”, жыццё не згасне, з усмешкай адзначылі гаспадары зямлі і паспяшаліся да тэхнікі. Аднак тут без бласлаўлення не пачынаюць адказную справу. Гэта добрая традыцыя, якая ўжо на працягу некалькіх гадоў існуе ў гаспадарцы. З малітвай да Бога звярнуўся настаяцель Лужаснянскага храма Узнясення Гасподня протаіерэй Міхаіл, акрапіў святой вадой людзей і тэхніку. Ужо праз некалькі хвілін прагучала: «Па машынах!». Галоўныя ўдзельнікі жніва ўзялі курс на хлебныя палеткі.

Таццяна Дзіканава.
Фота аўтара.