С. Мелдэрэс і С. Мікалаечкін
Уборачная кампанія заўсёды была сур’ёзным іспытам для кожнага хлебароба, бо па запасах у гумнах і засеках меркавалі, наколькі будзе сытым наступны год. Працаўнікі «Мазалавагаза» першымі ў раёне закончылі ўборку зерневых.
Для сельскагаспадарчай вытворчасці настаў сапраўдны зорны час — у панядзелак тут ладзілі дажынкі. Хлеб ніколі не даецца лёгка, таму ад світанку і да змяркання земляробы “Мазалавагаза” добрасумленна шчыравалі на спелай ніве дзеля таго, каб не страціць ніводнага залатога зярнятка. Героі сёлетняга жніва сваёй высакароднай працай унеслі значны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі. Былі задзейнічаны інжынерна-тэхнічныя службы з укараненнем новых форм арганізацыі працы, агранамічны патэнцыял.
Урачыстае мерапрыемства праходзіла на адкрытай пляцоўцы ля галоўнага корпуса сельгасарганізацыі. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся генеральны дырэктар УП “Віцебскаблгаз” Пётр Шэршань. Ён выказаў шмат пранікнёных слоў у адрас мясцовых рупліўцаў. Было адзначана, што ў сабраным караваі змяшчаецца працавітасць усіх хлебаробаў, спецыялістаў, кіраўнікоў, шчодрасць і ўрадлівасць зямлі, мудрасць і адказнасць тых, хто быў побач, калі ў зямлю лягло першае зерне, закаласілася ніва, і калі ў засекі лёг багаты ўраджай, які ў гэтым годзе склаў 36,4 цэнтнера з гектара.
Кляменцьеў падчас уручэння Ганаровай граматы
Караваем шчодрай зямлі, выпечаным з новага зерня, частавалі герояў уборачнай кампаніі. Пасля гэтага адбылася цырымонія ўзнагароджання рупліўцаў хлебнай нівы. Так, званне “Лепшы экіпаж зернеўборачнага камбайна” было прысуджана Сяргею Мелдэрэсу і Сяргею Мікалаечкіну, Васілю Кляменцьеву і Юрыю Ермаку, Мікалаю Сільмановічу і Уладзіміру Браніцкаму. Лепшымі вадзіцелямі, занятымі на адвозцы зерня, сталі Іван Конаў, Павел Маханькоў, Васіль Кажамячанка. Тытул “Лепшы аператар па дапрацоўцы зерня” прысвоены Аляксандру Гулідаву, Арцёму Сердзюку, Васілю Кавалёву. “Зорак” уборачнай кампаніі “выдавалі” не толькі дыпломы, але і чырвоныя стужкі.
За дасягненні высокіх паказчыкаў у працы, актыўны ўдзел ва ўборцы ўраджаю Ганаровымі граматамі ад віцебскіх газавікоў былі ўзнагароджаны Алена Шчамялёва, Мікалай Косаў, Яўген Бацала, а Падзякі атрымалі Сяргей Фралоў, Ніна Сярдзюк, Канстанцін Ляхаў і інш.
У многім менавіта дзякуючы іх настойлівасці, патрабавальнасці, кампетэнтнасці ў земляробчай справе атрыманы добры ўраджай, а жніво прайшло зладжана і арганізавана.
На свяце Пётр Шэршань закрануў і жывёлагадоўчую галіну. Было адзначана, што галоўны поспех у дадзенай сферы — збалансаваны корм. Калі кожны дзень атрымоўваць па 20 літраў малака, то за год гэта лічба перавысіць 7 тысяч. Ад прыбытку такога каштоўнага прадукту было атрымана больш, чым 600 мільёнаў. Дзеля таго, каб аднавіць генетычны патэнцыял жывёл, спецыялісты запазычваюць пэўныя віды ў краінах бліжняга замежжа, рэалізоўваюць свой племянны скот.
музычнае віншаванне ад віцебскіх газавікоў
Урачыстасць прадоўжылі музычныя віншаванні ад калектываў мастацкай самадзейнасці віцебскіх газавікоў. Песні, танцы, віншаванні – усё гэта спрыяла добраму і ўзнёсламу настрою. Напрыканцы дажынак прадстаўнікам хлебаробскай “гвардыі” пажадалі новых значных поспехаў у працы і ўпэўнена крочыць у заўтрашні дзень.
Вольга Булаўка.
Фота аўтара.