Прафесійнае свята аграрыяў — гэта нагода не толькі для ўшанавання лепшых работнікаў, але і для падвядзення вынікаў працы сельскагаспадарчай арганізацыі, вызначэння асноўных шляхоў яе далейшага развіцця. Героем такой урачыстасці стаў калектыў адной з самых буйных і стабільных гаспадарак раёна — ААТ “Рудакова”, які з нагоды свята сабраўся ў раённым Доме культуры.
Павіншаваць тых, хто рупліва працуе на зямлі, вырошчвае хлеб і гародніну, нарыхтоўвае кармы, забяспечвае краіну мяса-малочнай прадукцыяй, прыехаў начальнік галоўнага ўпраўлення па жывёлагадоўлі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Іван Карсека. Ён адзначыў, што дзякуючы захаваным традыцыям і перадавому вопыту гэта прадпрыемства дынамічна і стабільна развіваецца, і тое, што сельгасарганізацыя мае высокія паказчыкі — заслуга ўсяго калектыву і кіраўніка. Іван Уладзіміравіч выказаў упэўненасць у тым, што акцыянернае таварыства ў далейшым не знізіць зададзены тэмп і памножыць дасягнутае, бо гэтым “караблём” кіруе сапраўдны гаспадар — Міхаіл Пінчук. Яго сустрэлі караваем, спечаным з мукі сёлетняга ўраджаю, сабранага з залатых каласістых палёў. За добрасумленную працу і асабісты ўклад ў развіццё сельскай гаспадаркі Міхаіл Сямёнавіч узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства. Падзяку гэтага ж ведамства атрымаў малады вадзіцель Дзмітрый Гойда, які сябе высока зарэкамендаваў падчас уборачнай кампаніі.
Міхаіл Пінчук прымае каравай
Пра тое, што становішча спраў у аграрным сектары закранае інтарэсы практычна кожнага чалавека і акрэслівае харчовую бяспеку краіны, нагадаў прысутным намеснік генеральнага дырэктара агракамбіната “Мачулішчы” Пётр Шагаў. Словы ўдзячнасці працаўнікам аграпрамысловага комплексу, якія сваёй скурпулёзнай і ўдумлівай працай здолелі забяспечыць значны прырост прадукцыі і былі адзначаны нават на рэспубліканскім узроўні, адрасаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Васілій Станкевіч. Ён акцэнтаваў увагу на агульных паказчыках нашага раёна і выказаў спадзяванне, што і па выніках года будзе дасягнута планка ў 57 тысяч тон малака і 62 тысячы тон мясной прадукцыі.
Безумоўна, пэўны ўклад у гэтыя лічбы ўнесла і ААТ “Рудакова”. Таму не дзіва, што прадпрыемства было ўзнагароджана дыпломам райвыканкама за другое месца сярод сельскагаспадарчых арганізацый па вытворчасці малака за 10 месяцаў. Падзячныя пісьмы выканаўчага камітэта атрымалі: трактарыст-машыніст Сяргей Дунец, які стаў трэцім на адвозцы зялёнай масы, Ірына Крупеня, удастоеная другога месца сярод аператараў машыннага даення, а таксама пераможца сярод маладых вадзіцеляў транспартных сродкаў, занятых на адвозцы зерня ад камбайнаў, Дзмітрый Гойда.
Васілій Станкевіч віншуе Сяргея Дунца
Дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Пінчук сказаў, што ў зале прысутнічаюць тыя, хто ніколі не пакіне зямлю неўзаранай, а ўраджай — несабраным, жывёл — ненакормленых. Ніякія цяжкасці не сталі перашкодай для вырошчвання хлеба. Сёлета надвор’е не раз уносіла карэктывы ў працу хлебаробаў, але яны не страчвалі надзеі і з адказнасцю рабілі ўсё магчымае, дзеля таго, каб вырашчаны на палях хлеб быў без страт сабраны ў тэрмін. Дапамагалі ў гэтым мясцовы сельсавет, Ноўкінская і Сасноўская школы і іншыя ўстановы адукацыі.
Ірына Крупеня
Гаворачы пра здабыткі калектыву за 10 месяцаў гэтага года, у сваёй справаздачы Міхаіл Сямёнавіч падкрэсліў, што сёння прадпрыемства мае выручку 178 мільярдаў рублёў, што складае на аднаго работніка 245 мільёнаў. Эканамічны дабрабыт ААТ “Рудакова” непарыўна звязаны з раслінаводствам, агароднінаводствам, жывёлагадоўляй, кормавытворчасцю,механізацыяй, энэргетыкай, якія дапаўняюць адна адну.
Кіраўнік гаспадаркі закрануў працу падраздзяленняў і сказаў, што за кожнай лічбай хаваецца штодзённы клопат аграрыяў. Быў адзначаны важкі ўклад у агульную справу калектыву цяплічнага камбіната. За гэты год вырашчана 10648 тон агародніны, што на 17 працэнтаў больш, чым у 2012-м. Самы высокі ўраджай — 76,7 кг з метра квадратнага — атрымала Вера Атрашкевіч, і такі паказчык адзін з найлепшых у нашай краіне. Добрыя вынікі паказалі начальнікі цэхаў Святлана Лешчанка, Святлана Бардзюкова, агароднікі Вольга Угнявёнак, Наталля Кузьміна, Галіна Хомчанка, Святлана Касцюкевіч, Ірына Кульбацкая, Аліна Волкава і інш. пад кіраўніцтвам вопытнага спецыяліста — намесніка дырэктара па цяплічнаму камбінату Раісы Крупацінай, у якой за плячыма 40 гадоў працоўнага стажу.
Работнікі ААТ “Рудакова” стабільна і паспяхова працуюць у галіне раслінаводства. Ураджайнасць зерневых склала 44,8 ц/га, валавы збор — 6577 тон.
Асаблівую ўдзячнасць Міхаіл Пінчук выказаў жывёлаводам, бо дзякуючы іх намаганням павялічыліся аб’ёмы вытворчасці прадукцыі. Штодзённа рэалізуецца на перапрацоўчае прадпрыемства 30 тон малака, выручка ад якога складае 118 мільёнаў рублёў.
Вырабіць прадукцыю — вялікая справа, аднак не менш адказная — яе рэалізаваць. У гэтым годзе ў ААТ “Рудакова” практычна нанава быў сфарміраваны аддзел збыту і маркетынгу. Толькі на экспарт прададзена больш за 6 тысяч тон агародніны, што ў 2 разы больш, чым у 2012 годзе.
Вытворчы працэс на прадпрыемстве нельга ўявіць без сродкаў механізацыі, аўтаматызацыі. Міхаіл Пінчук выказаў падзяку аператарам кацельняў, будаўнікам, спецыялістам энэргетычнай службы, вадзіцелям і іншым катэгорыям працаўнікоў, пажадаў моцнага здароўя, выдатных вынікаў і не ведаць стомы залатым рукам.
Кожны работнік заслужыў павагі і адпаведнага ўзнагароджання — грашовых прэмій, дыпломаў, грамат і падзяк. Свой музычны падарунак калектыву ААТ “Рудакова” паднеслі артысты Віцебскай абласной філармоніі, якія падрыхтавалі цікавы канцэрт, пасля чаго аграрыяў чакаў яшчэ адзін сюрпрыз у выглядзе забаўляльнай праграмы.
Вольга Булаўка.
Фота аўтара.