Фларыст з гарпасёлка Руба Вольга Бараўчук з дапамогай прыродных матэрыялаў стварае сапраўдныя кветкавыя шэдэўры.
Вольга Бараўчук
Пялёсткі руж і півонь, рамонкі, незабудкі і іншыя фларыстычныя дары складаюцца ў карціны па прынцыпе асацыяцый. Вольга Васільеўна адчувае творчую радасць, калі кожны элемент паспяхова ўпісваецца ў задуманую кампазіцыю. Сярод прыродных кампанентаў, якія выкарыстоўвае пры стварэнні карцін, — таполевы пух. Накладваючы яго на чорную аксамітавую паперу, фларыст дасягае патрэбнай інтэнсіўнасці і аб’ёму. Асновы “прыроднага” рамяства яна выкладае ў Палацы культуры г.п. Руба мясцовым школьнікам.
Па прызнанні Вольгі Бараўчук, захапляцца такім відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пачала пасля наведвання адной з выстаў народнага клуба фларыстыкі «Анюта» культурна-гістарычнага комплекса «Залатое кола Віцебска «Дзвіна». Каб больш дасканала авалодаць гэтым майстэрствам, прайшла вучобу ў школе фітадызайнераў пры гэтай жа ўстанове, дзе заўважылі яе творчую натуру і прапанавалі супрацоўніцтва.
Акрамя фларыстыкі, Вольга Васільеўна дапамагае рубаўчанам у пэўнай ступені пракладаць сцяжынку да індустрыі моды — на базе Палаца культуры працуе студыя авангарднай моды. Асноўным матэрыялам для стварэння таго ці іншага вобраза з’яўляюцца ўжо непатрэбныя рэчы ў побыце — дыскі, плёнкі, малочныя пакеты і інш. Свае калекцыі неаднаразова дэманстравалі на разнастайных конкурсах, выставах, і, трэба сказаць, што заўсёды былі ўдастоены пэўных узнагарод. Іх крэатыўныя ідэі ацаніла нават асацыяцыя расійскіх фларыстаў, якая прапанавала паказаць працы рубаўчан на ВДНГ у Маскве, адкуль удзельнікі студыі авангарднай моды вярнуліся з чарговымі трафеямі. Зараз ініцыятыўная група працуе над новым дызайнам адзення з цукерачных абгортак, які, спадзяюцца, выклікае шырокі рэзананс.
Вольга Булаўка.
Фота аўтара.