Фото: https://www.novostimira.com

Інтэрактыўную казку пад назвай «Залатое сэрцайка» прадэманструюць артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа на сцэне Акцябрскага сельскага Дома культуры 31 сакавіка.

Вясёлы, дынамічны, гарэзлівы, напоўнены музыкай, песнямі і танцамі, спектакль будзе цікавы не толькі дзецям, але і іх бацькам, упэўненая дырэктар мясцовага СДК Кацярына Лукашэвіч. Тэатралізаваная імпрэза з’яўляецца працягам вядомага сюжэта пра курыцу Рабу, якая абяцала знесці залатое яечка наўзамен разбітаму. Аднак пастаноўка ў выкананні коласаўцаў мае іншых герояў — вечна галоднага і няўдачлівага Воўка-паэта, хітрай і сквапнай Лісы і цікаўнага да ўсяго Кураня, якіх чакае шмат выпрабаванняў і прыгодаў.

Дарэчы, Акцябрскі СДК упершыню прымае віцебскіх артыстаў на сваёй сцэне, і, па прызнанні Кацярыны Лукашэвіч, гэта добры пачатак для развіцця далейшага супрацоўніцтва на ніве мастацтва.

Вольга Булаўка.