Утульная атмасфера ў Заронаўскай бібліятэцы схіляе да прыемных сустрэч, памяркоўных думак, разважлівых гутарак. Скарыстаўшы гэтую акалічнасць, гаспадыня кніжнага храма Вольга Іванова стварыла аматарскае аб’яднанне “Трэці ўзрост”. Яго з задавальненнем наведваюць жанчыны залатога веку.
В. Гарлачова, В. Еўдакімава, Г. Папалава, Р. Казлова, В. Іванова, Л. Бакштай у музейных капялюшыках
Загадчыца бібліятэкі прыкмеціла, як, прыйшоўшы памяняць кнігі, пажылыя людзі затрымліваліся ля стэлажоў. Ім карцела абмеркаваць прачытаны твор, прагледжаную тэлеперадачу ці нават свае вясковыя навіны. Дык чаму не прадставіць такую магчымасць, не падшукаць суразмоўцаў? — задалася пытаннем Вольга Аляксандраўна. Яе ідэю падтрымалі актыўныя чытачкі.
“Трэці ўзрост” адкрыты для ўсіх жадаючых, але, як у кожным аб’яднанні, ужо склаўся касцяк — гэта дзясятак ініцыятыўных жанчын. Ім ёсць чым падзяліцца — і рукадзельным майстэрствам, і жыццёвым вопытам.
Невыпадкова эмблемай аб’яднання выбрана гронка рабіны — гэта дрэва, як і яблыня, лічыцца заступніцай жанчын. Сімвалічна і тое, што рабінавыя ягады спеюць у верасні і, налітыя сокам, застаюцца на галінах да глыбокай восені, а саладзеюць толькі пасля замаразкаў. На адным з першых пасяджэнняў ішла размова пра сімволіку аб’яднання. Колькі тады жанчыны ўспомнілі легенд, павер’яў, прымавак і народных прыкмет пра рабіну! Колькі песень пра яе праспявалі і ўрэшце выбралі гімн “Рябина зреет в сентябре”.
Тэмы пасяджэнняў звычайна прымеркаваны да нейкіх дат, падзей і не абмежаваны ў часе — могуць працягвацца дзве, тры гадзіны і болей.
На сустрэчу з «Трэцім узростам» я трапіла ў першых чыслах сакавіка. Па звычцы жанчыны прыйшлі са сваім рукадзеллем — паказаць, што паспелі зрабіць за якіх пару тыдняў з апошняга пасяджэння, штосьці можа ў каго пераняць. Так, тут практыкуюць, як зараз модна гаварыць, майстар-класы, і кожная можа даць яго на высокім узроўні, бо ўсе ўдзельніцы аб’яднання — выбітныя асобы.
Прызнаная майстрыха Любоў Бакштай дзесяць год займаецца вышыўкай карцін, ручнікоў, абрусаў. Яе творы экспанаваліся ў мясцовым і раённым музеях. Новае захапленне Любові Васільеўны — паеткі (бліскаўкі з дзірачкамі). Імі яна не толькі ўпрыгожвае нейкія аксесуары адзення, галаўных убораў, робіць цудоўныя кветкі, дрэўцы.
Валянціна Еўдакімава — карэнная жыхарка в. Жыгалава, гэты факт яна падкрэслівае, а таму можа расказаць пра ўсё наваколле населенага пункта, якім помніць яго з дзяцінства. Валянціна Дзям’янаўна добра вяжа і сваімі вяхоткамі адорвае ўсіх удзельнікаў аб’яднання. Яшчэ захапляецца кветкаводствам. дарэчы, пахваліцца клумбамі і ўраджаямі на агародах могуць усе без выключэння яе таваркі.
Ганна Папалава родам з суседняга Шумілінскага раёна, але даўно, з самай маладосці, жыве ў Заронаве. Вяжа пруткамі і славіцца звонкім голасам. Ведае мноства прыпевак, дарэчы на пасяджэнне яна прынесла свой дзявоцкі спеўнік, такія калісьці былі ў кожнай з прысутных жанчын — размаляваныя, з наклеенымі паштоўкамі. Цудоўна спявала Ганна Пятроўна на пару з Раісай Казловай, балазе сядзелі побач. Апошняя з Магілёўшчыны трапіла ў Заронава ў якасці калгаснага бухгалтара. Усе жыццё адпрацавала на гэтай пасадзе. Шмат год была ў раённым судзе народным засядацелем. “Наш дэтэктыў” — жартам клічуць яе, бо Раіса Іванаўна можа расказаць шмат судовых гісторый. Яе зямлячку Веру Гарлачову вымусіла пераехаць з Краснапольскага раёна ў Заронава чарнобыльская бяда. Думала затрымаецца тут ненадоўга, на радзіме ж, у Сцяпанавым Хутары, засталіся новы дыхтоўны дом, абжытае селішча. Ды толькі не спраўдзіліся чаканні. Працай, рукадзеллем (вышывае крыжыкам і гладдзю) глушыла смутак. Тут выраслі яе чацвёра дзяцей, тут яна набыла сяброў, тут са сваімі песнямі выйшла на сцэну і набыла прызнанне ў мастацкай самадзейнасці.
Любіць бавіць час за вязаннем і сама Вольга Іванова. Яе карункавыя сурвэткі падкрэсляць урачыстасць любой абстаноўкі. Да кожнай сустрэчы гаспадыня старанна рыхтуецца: робіць агляд літаратуры, часопісаў, падбірае з розных крыніц цікавы тэматычны матэрыял. Часта звяртаецца за дапамогай да кіраўніка Заронаўскага музея Людмілы Нікіцінай, наогул большасць пасяджэнняў яны ладзяць разам. Вось і на сакавіцкай сустрэчы спачатку вялі размову пра жыццё і дзейнасць вядомых жанчын. Затым перайшлі да моды — сучаснай і 70-х год, на якія выпала маладосць удзельніц аб’яднання. А для нагляднасці ўзялі з музея капялюшыкі, кожная прымерыла, абмеркавалі які каму ідзе і сфатаграфаваліся на памяць.
Наступную сустрэчу заронаўскія актывісткі плануюць правесці ў велікодныя дні. Тэма — усеабдымная: традыцыі свята, вясковыя абрады, рэцэпты кулічоў… Ім ёсць што абмеркаваць з веданнем справы. На тое ён і трэці ўзрост — мудры, паважны…
Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.