Візітнай карткай Заронава разам з мясцовым музеем можна лічыць праваслаўны абрад Вадохрышча. Ён праводзіцца на беразе возера на працягу амаль дзесяці год і заўсёды збірае вялікую колькасць вернікаў і прыхільнікаў здаровага ладу жыцця.
На здымку: протаіерэй Павел
Шлях да іардані ведаюць не толькі мясцовыя жыхары, але і прыезджыя з іншых населеных пунктаў і абласнога цэнтра.
Пачынаецца свята ўрачыстым богаслужэннем, сёлета яго правеў протаіерэй Павел. Ён асвяціў ваду ў ёмістасцях прысутных і лядовай палонцы, расказаў гісторыю ўстанаўлення Вадохрышча, параіў, як правільна адзначаць свята і рыхтавацца да яго. Святы айцец пажадаў усім міру ў душы, здароўя і дабрабыту. «Прыслухайцеся да свайго сэрца і памятайце, што дабро заўсёды вяртаецца», — параіў ён.
На здымку: Васіль Амельчанка
Нямала жадаючых знайшлося акунуцца ў лядовую купель. Не дзеля таго, каб ачысціцца ад грахоў, святар папярэдзіў, што аўтаматычна гэта не робіцца, а каб выпрабаваць сваю сілу духу. З ліку заўзятых «маржоў» прыклад паказаў жыхар Заронава Віталь Аляксееў. Кожны раз на Вадохрышча ён прымае ўдзел у заплыве і, як жартуе, набіраецца здароўя на цэлы год. На яго думку, абрад не толькі аб’ядноўвае людзей духоўна, але і загартоўвае фізічна. «Навічкі» адчувалі сябе смялей у сцюдзёных абдымках пад наглядам доктара «хуткай дапамогі», якая дзяжурыла на беразе.
На здымку: Дзмітрый Раздробенка
Да мясцовых смельчакоў сёлета далучыліся ўдзельнікі турысцкага клуба «Вяршыня», які дзейнічае на базе Альгоўскай школы. Дзмітрый Раздробенка і Васіль Амельчанка пасля купання падзяліліся ўражаннямі: «Ласка боская! Незвычайны прыліў сіл і энергіі. Гэта яшчэ адна наша пакораная вяршыня», — прызналіся хлопцы.
Сагрэцца гарачай гарбатай пасля лядовай купелі плыўцоў запрасіла ў музей «Гісторыя Заронаўскага краю» яго кіраўнік Людміла Нікіціна. Дарэчы, у 2008-ым яна была адным з галоўных ініцыятараў правядзення абраду і кожны год разам з сельвыканкамам арганізоўвае мерапрыемства, а дзеля гэтага трэба абсталяваць купальню, запрасіць свяшчэннаслужыцеля, медработнікаў, прыняць гасцей… Клапотна, але, як сведчыць мнагалюдны натоўп на беразе возера, справа таго варта.
Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.