
Згодна распараджэнню Віцебскага аблвыканкама «Аб прэміях за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» ўзнагарода ў намінацыі «Лепшы сельскі дом культуры» прысуджана мазалаўскай установе культуры.
Як паведаміла дырэктар СДК Вольга Жураўская (на здымку), у 2015 годзе на базе ўстановы культуры дзейнічала 14 клубных фарміраванняў розных жанраў і накірункаў для розных катэгорый насельніцтва. Сёння вядучымі калектывамі Дома культуры з’яўляюцца народны ансамбль народнай песні і музыкі «Вераснянка» (кіраўнік Аляксандр Дубко) і ансамбль песні «Крыніцы» (кіраўнік Ірына Толкач).
Для абслугоўвання жыхароў і гасцей аграгарадка, аддаленых населеных пунктаў мазалаўскія культработнікі выкарыстоўваюць больш за 30 форм клубнай работы — канцэрты, тэатралізаваныя прадстаўленні, святы, абрады, забаўляльныя праграмы і інш.
У справаздачным годзе на базе дадзенай установы культуры праходзіла рэалізацыя сацыякультурнага праекта «Дыялог народаў і культур». Ён карыстаецца поспехам сярод удзельнікаў і мае працяг.
Сёлета ў Год культуры работнікі Мазалаўскага СДК прапануюць праект «Сцяжынкамі Аляксея Сапунова: ад Усвят да Віцебска», прысвечаны 165-годдзю з дня нараджэння вядомага гісторыка, краязнаўцы, археолага, які пэўны час жыў недалёка ад Мазалава ў фальварку Кахоўка.
2015 год стаў багатым і на раённыя, абласныя, рэспубліканскія, міжнародныя мерапрыемствы, у якіх бралі ўдзел творчыя калектывы і супрацоўнікі Дома культуры. Так, яны парадавалі гасцей абласнога свята «Масленічны разгуляй», сталі ўдзельнікамі абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатраў сельскіх устаноў культуры «Тэатральныя далягляды вёскі», раённага творчага конкурсу «Ліст да ветэрана», рэспубліканскага фестывалю-кірмашу майстроў «Вясновы букет» у Мінску, абласнога свята-конкурсу лапікавага шыцця «Здраўнёў-ская палітра-2015», шэрагу міжнародных канферэнцый і іншых.
Трэба адзначыць, што сярод гасцей на працягу года карысталася поспехам экскурсія па населеным пункце «Гісторыя Мазалава і ваколіц: ад маёнтка да аграгарадка».
Работа дадзенай установы культуры вядзецца ў цеснай узаемасувязі з дзіцячай школай мастацтваў, бібліятэкай, сярэдняй школай і іншымі ўстановамі.
А. Струнчанка,
вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ.