
Метадычныя аб’яднанні настаўнікаў-філолагаў раёна праводзяцца ў форме майстар-класаў, на якіх прадстаўляюцца матэрыялы з вопыту ўласнай работы. Педагогі не толькі бесперапынна ўдасканальваюць свае прафесійныя навыкі, але і дзеляцца асабістым перадавым вопытам з калегамі. Агульнавядома, што ад адукацыйнага ўзроўню настаўнікаў залежыць паспяховая дзейнасць установы адукацыі.
На здымку: пасяджэнне ўдзельнікаў метадычнага аб’яднання
Два дні запар Суйкаўская і Даўжанская сярэднія школы гасцінна прымалі настаўнікаў беларускай і рускай мовы і літаратуры. Намеснікі дырэктараў Таццяна Коржанева і Таццяна Ульянава пазнаёмілі калег з арганізацыяй адукацыйнага працэсу. Пасяджэнні пачаліся з «мазгавога штурму». Прысутныя ўзгадалі эфектыўныя формы, прыёмы і сродкі выкладання прадметаў філалагічнага профілю.
— Вельмі карыснай была практычная частка метадычных аб’яднанняў, — сведчыць метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ад-дзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Калмыкова. — Настаўнікаў уразіў майстар-клас Ірыны Сінкевіч (Суйкаў-ская СШ) па тэме: «Павышэнне якасці адукацыі па беларускай мове праз рэалізацыю прынцыпаў дыферэнцыраванага навучання з улікам вядучай сенсорнай мадальнасці».
Настаўнік рускай мовы і літаратуры Даўжанскай школы Таццяна Ерафеева не толькі правяла майстар-клас, яна змагла зацікавіць дыдактычнымі гульнямі ўсіх удзельнікаў пасяджэння. Педагогі збіралі «арфаграфічны» канструктар, аказвалі «хуткую арфаграфічную дапамогу», удзельнічалі ў «арфаграфічнай» дуэлі, гулялі ў «арфаграфічнае» лато.
Карыснымі былі наведванне факультатыўнага занятку ў 9 класе, які праводзіла Святлана Пруднікава (Суйкаўская школа), знаёмства з матэрыяламі кабінета рускай мовы і літаратуры Даўжанскай школы, які ў раённым аглядзе-конкурсе кабінетаў заняў першае месца.
Вучэбна-метадычная частка была прадстаўлена выступленнямі педагогаў з вопыту сваёй работы. Так, Святлана Хамянок з Капцей падзялілася вопытам фарміравання камунікатыўнай кампетэнтнасці вучняў. Ларыса Грышчанкова (Варонаўская СШ) расказала, як рэалізуе праблемна-пошукавы падыход пры ажыццяўленні даследчай дзейнасці ў прадметнай вобласці. Іна Рулінская (Акцябрская СШ) праана-лізавала паняцце «тэкст» як прадмет навучання і як прадукт моўнай дзейнасці. Іна Баранава (Лятчанская БШ) выказала свой погляд на ўдасканальванне арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў па беларускай мове на аснове спалучэння розных метадаў навучання. Кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Алена Хахлова параіла, як рыхтаваць вучняў да ўдзелу ў прадметных алімпіядах, творчых конкурсах і цэнтралізаваным тэсціраванні.
Падчас рэфлексіі ўсе прысутныя высока ацанілі работу метадычных аб’яднанняў, выказалі свае захапленні майстар-класамі.
Па словах Валянціны Калмыковай, такія пасяджэнні стымулююць настаўнікаў на плённую працу і самаадукацыю, а ў выніку — павышаецца якасць ведаў вучняў.
Ніна Сталярэнка