У адзін з суботніх дзянёчкаў у аг. Заронава бавілі час удзельнікі бясплатных курсаў «Мова нанова», жыхары вёскі і ўсе аматары жывога беларускага слова.
Спачатку фэст на свежым паветры быў запланаваны, як выпускны баль слухачоў курсаў, але жадаючых далучыцца было столькі, што ў выніку адбылося вельмі маштабнае свята з песнямі, гульнямі і смачнымі пачастункамі. Яго гаспадыняй, тою самай бабуляй, стала Людміла Никіціна, загадчыца музея «Гісторыя Заронаўскага краю».

— Мы маем гонар прымаць такіх гасцей, — адзначыла Людміла Нікіціна. — Тым больш, што ў гэтым годзе наш музей святкуе 30-годдзе. Я сама беларускамоўны чалавек, мне прыемна, што прысутныя размаўляюць, спяваюць на роднай мове, што сёння такое асяроддзе ўбачыць школьнікаў, якія на прыгожай беларускай мове вядуць экскурсію.

Атмасфера беларускасці, нацыянальнай еднасці панавала паўсюль. Народныя ўмельцы ахвотна прапаноўвалі свае вырабы, побач размясціліся майстры, якія дзяліліся сакрэтамі свайго рамяства. Як стварыць са звычайнага пучка сена, травы, галінак і кветак сапраўдны твор мастацтва, ведае кіраўнік студыі «Салікс» Алена Пятрова. Разам са сваімі навучэнцамі яна правяла майстар-клас па стварэнні фларыстычных кампазіцый.

Не меньш гледачоў вакол сябе сабраў разьбяр па дрэве Міхась Зінькоў. Даспадобы ўдзельнікам свята прыйшліся яго драўляныя «шаптункі». А калі ўзяў у рукі электрапілу і пачаў нешта чараваць каля сухога спіленага дрэва, то на гукі яго інструмента сабраліся літаральна ўсе прысутныя. Праз паўгадзіны бясформенны кавалак дрэва ператварыўся ў саву. Цяпер гэтая птушка будзе ахоўваць музей.

Не давалі сумаваць гасцям разнастайныя гульні, прыняць удзел у якіх прапаноўвала ўсім жадаючым актрыса Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Раіса Грыбовіч. На пляцоўцы пад квітнеючымі яблынямі дарослыя і дзеці вадзілі карагоды, гулялі ў «ручаёк», спаборнічалі ў хуткасці, а таксама танцавалі і спявалі прыпеўкі.

Аднаўлялі сілы пасля гулянняў тут жа. Якое свята без шчодрых пачастункаў? Заронаўскія гаспадыні частавалі блінцамі, мёдам, бульбай з печы, адным словам, сталы проста ламіліся ад розных страў. А цудоўны настрой дапамагаў ствараць гурт «Re1ikt».

Разыходзіліся госці стомленыя, але задаволеныя, бо змаглі добра адпачыць. Арганізатары паабяцалі, што традыцыя бавіць час з любоўю і павагай да роднай мовы, якая зарадзілася ў такім маляўнічым месцы, будзе працягвацца.

Алена Чаплева.
Фота аўтара.

1 thought on “Незвычайнае сямейнае свята «Гулі ў бабулі» знайшло прапіску ў Віцебскім раёне

  1. Файнае свята. Дзецям вельмі спадабалася

Comments are closed.