У Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна ў межах цыкла «Краязнаўчыя сустрэчы» адбыліся вечарына, прысвечаная 30-годдзю стварэння музея «Гісторыя Заронаўскага краю», і прэзентацыя кнігі яго кіраўніка Людмілы Нікіцінай «Мой любы край, маё Заронава» (на здымку). Гэтыя дзве нагоды сабралі ў галоўным кніжным храме рэгіёна мноства гасцей. І вельмі сімвалічным падалося супадзенне: імпрэза праходзіла якраз у Міжнародны дзень сяброў.
Сёння Заронаўскі музей — адзіны такі ў рэспуб-ліцы і вядомы далёка за яе межамі. У рэгіёне ён стаў сапраўдным цэнтрам патрыятычнага выхавання, культурна-інфармацыйным комплексам, які штогод наведваюць больш за 1000 экскурсантаў з усіх куткоў краіны і замежжа. Многія, пабыўшы тут аднойчы, працяглы час не парываюць стасункі з кіраўніком гістарычнай скарбніцы Заронаўскага краю. Вяртаюцца сюды яшчэ і яшчэ, прывозяць экспанаты, якіх зараз налічваецца больш за 20000.
Наша газета неаднаразова расказвала пра гэты музей, яго станаўленне і развіццё. Нагадаем толькі, што ў ім сем экспазіцыйных залаў: этнаграфічная, гістарычная, «Настальгія, або Вяртанне ў СССР», калекцыйная, хата-чытальня, беларускай міфалогіі і «Паветка». Таксама разгорнута экспазіцыя пад адкрытым небам, прысвечаная зніклым вёскам сельсавета. «Адна б я гэта ніколі не зрабіла», — прызналася на вечарыне Людміла Нікіціна і выказала шчырую ўдзячнасць за дапамогу і падтрымку сваім аднадумцам, сябрам, аднавяскоўцам, ад-дзелу адукацыі, спорту і турызму, сельскаму Савету, райвыканкаму. Па яе словах, афармляць залы, ладзіць шматлікія мерапрыемствы, прымаць гасцей людзі дапамагаюць сем’ямі, у іх ліку называе Пека, Бермантаў, Іжохіных, Гушчанкаў, Іванову.
30-гадовы шлях развіцця музея быў няпросты. Патрабаваліся сілы, час і сродкі на будаўніцтва, абуладкаванне, напаўненне памяшканняў. Але, бадай, галоўнае — у іх трэба было ўдыхнуць жыццё, каб зрабіць прыцягальнай атмасферу для наведвальнікаў. І гэта ўдалося. Паўтару цытату, некалькі год таму апублікаваную ў нашай газеце: «Душа народная жыве ў Заронаўскім музеі» — вельмі трапны, шырокафарматны выраз. Ён тычыцца і начыння будыніны, і аўры, якая тут пануе, і самога кіраўніка. А пачыналася ўсё з аднаго пакоя ў школьным інтэрнаце, куды «пераехаў» з піянерскай куток баявой і працоўнай славы.
Гэта была ініцыятыва дырэктараў мясцовых саўгаса і школы Валерыя Берманта і Аляксандра Гушчанкі — на вякі прадметна ўвасобіць гісторыю краю. «Шчыра кажучы, я не чакаў такога выніку, які зараз назіраю», — прызнаўся на юбілейнай вечарыне Валерый Рыгоравіч, які, дарэчы, з’яўляецца фундатарам многіх музейных праектаў.
У 1996 годзе музею было прысвоена званне народны, якое пастаянна пацвярджаецца. Тады і пачалася яго рэканструкцыя, яна доўжылася 4 гады. А развіццё, папаўненне гістарычна-этнаграфічнай скарбніцы працягваецца і сёння. У музеі бурліць жыццё. На яго базе праходзяць розныя мерапрыемствы: каляндарна-абрадавыя святы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, вечары-партрэты паважаных заронаўцаў. Студэнты філалагічнага і гістарычнага факультэтаў падчас летняй практыцы прыязджаюць за матэрыялам для сваіх курсавых, навукоўцы едуць за фальклорам, за ўзорамі народнай творчасці.
Завочна прайсціся па залах музея гасцей запрасілі юныя экскурсаводы. Кожную экспазіцыю яны характарызавалі вершаванымі радкамі, дэманструючы грунтоўную падрыхтоўку, замацаваную на практыцы. А яна ў іх багатая, бывае, што па некалькі экскурсій у дзень даводзіцца прымаць. Людміла Канстанцінаўна ганарыцца сваімі выхаванцамі, якія ахвотна ходзяць у паходы, удзельнічаюць у экспедыцыях і даследчай працы і займаюць прызавыя месцы ў конкурсах рознага ўзроўню.
На здымку: юныя заронаўскія экскурсаводы ў касцюмах беларуса, піянера і савецкай школьніцы
Неацэнны падарунак да юбілею музея зрабіла сама кіраўнік — выдала кнігу «Мой любы край, маё Заронава». Па яе прызнанню, ішла да гэтага доўга, бо хацела «ўпіхнуць у выданне ўвесь музей». Багата ілюстраванае, на 150 старонках, яно стала добрым даведнікам для тых, хто цікавіцца гісторыяй і сучаснасцю Заронаўскага краю. Дарэчы, гэта не першы аўтарскі вопыт Людмілы Нікіцінай. Да гэтай кнігі свет пабачылі яшчэ дзве: «Любоў і боль майго Заронава» і «Вспомним всех поименно…» Выдавец усіх гэтых твораў выпускнік Заронаўскай школы, сын ганаровага грамадзяніна мясцовага сельскага Савета Алег Маладзечкін, у адрас якога гучалі шчырыя словы падзякі за са-дзейнічанне ў праслаўленні родных мясцін. А не палюбіць іх проста немагчыма, сцвярджае Людміла Канстанцінаўна і мае рацыю. Маладзенькай настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ўра-джэнка Баранавіцкага раёна пачала ў Заронаве працоўны шлях у 1982 годзе. Тут стварыла сям’ю, выхавала сына, які пайшоў па матчынай «краязнаўчай сцежцы». Тут заслужыла павагу ад людзей, напрацавала аўтарытэт, аб чым сведчаць шматлікія ўзнагароды, пачэснае званне «Чалавек года Віцебшчыны».
Не абышлося без узнагарод і на вечарыне. Ад імя аддзела адукацыі, спорту і турызму шчыра павіншаваў віноўніцу ўрачыстасці старшыня райкама прафсаюза Сяргей Анікееў. Ён нагадаў, што Нікіціна кіруе раённым метадычным аб’яднаннем краязнаўцаў, з’яўляецца загадчыцай аддзела цэнтра дзяцей і моладзі. Разам з Дзмітрыем Раздробенкам і Таццянай Міхасевіч распрацавала шэсць турыстычных маршрутаў па Віцебскім раёне. Адзін з іх пад назвай «Край легенд, герояў і дзівосаў» праходзіць праз Заронава.
Старшыня праўлення Віцебскага аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Туманава падарыла энцыклапедыю «Кто есть Кто в Республике Беларусь» , у якой, дарэчы, есць прозвішча і нашай заронаўскай гераіні, і агучыла падзяку з пранікнёнымі словамі: «За плённую дзейнасць па напаўненню скарбонкі матэрыяльнай спадчыны беларускага народа, захаванне традыцыйных каштоўнасцей Заронаўскага краю дзеля міру і дабрабыту роднай зямлі». Дырэктар раённага музея Ларыса Якаўлева дапасавала да гэтага мерапрыемства ўручэнне Людміле Нікіцінай дыплома пераможцы акцыі «Сучасны твар Віцебскага раёна» ў намінацыі «Сімвал эпохі».
Новая кніга заронаўскай краязнаўцы, несумненна, выклікае цікавасць у шырокага кола чытачоў. Яна складаецца з некалькіх раздзелаў, у якіх адлюстраваны перыяд з глыбокай старажытнасці да сённяшняга дня. Змешчаны ў выданні здымкі і копіі эксклюзіўных музейных экспанатаў і дакументаў, этымалагічны слоўнік мясцовых назваў. Шмат старонак прысвечана людзям Заронаўскага краю. Многія героі публікацый прысутнічалі на прэзентацыі, Людміла Канстанцінаўна прадставіла іх гасцям. Павіншавалі аўтара і падзяліліся сваімі ўражаннямі аб кнізе загадчыца Заронаўскага дзіцячага садка Зоя Пека, дачка вядомай партызанкі Вольга Залеская, паэт Міхась Мірановіч, былы работнік упраўлення культуры аблвыканкама Ніна Сулецкая, калекцыянер Вадзім Кузьмін, які падарыў ужо музею больш за 2000 экспанатаў. Было шмат кветак і шчырых слоў, якія зводзіліся да пажадання: творчага гарэння і плёну на карысць Заронаўскага краю.
Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.