Эпіцэнтрам культурнага жыцця раёна ў мінулую суботу стаў аграгарадок Мазалава. Тут у чарговы раз пасля гадавога перапынку прайшло свята «Мазалаўскі карагод гульняў і гульбішчаў», мэта якога адрадзіць народныя абрады і традыцыі, далучыць да спадчыны  як мага больш месцічаў. Маштабнасць сёлетняга свята была прадвызначана правядзеннем у яго рамках раённага конкурсу маладых сем’яў «Уладар сяла-2016», арганізатарамі якога выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райком БРСМ, раённыя арганізацыі Беларускага фонду міру і Чырвонага Крыжа.

На здымку: сям'я Ганчаровых

На здымку: сям’я Ганчаровых

Да свята была прымеркавана прэзентацыя новага праекта «Пашырэнне эканамічных магчымасцей у сельскай Беларусі» і ініцыятывы «Утварэнне і адраджэнне гісторыка-эканамічнай спадчыны для ўстойлівага развіцця Мазалаўскага і Бабініцкага сельсаветаў».  гэтай нагоды перад пачаткам святочных мерапрыемстваў у сельвыканкаме адбыўся круглы стол (падрабязней пра праект мы расскажам у наступных нумарах газеты, бо тэма вартая асобнай увагі), для ўдзельнікаў якога правёў экскурсію па аграгарадку кіраўнік гуртка Мазалаўскага дома культуры Андрэй Струнчанка. Ён пазнаёміў гасцей са знакамітымі тутэйшымі мясцінамі. Уразілі экскурсантаў парк камянёў каля школы; сасна, увасобленая ў кадрах мастацкага фільма «Чорная бяроза», які здымаўся тут у 1977 годзе; месца, дзе яшчэ пара дзясяткаў год таму знаходзіўся млын; і канечне, помнік ХІХ стагоддзя былая сядзіба Ігната Манькоўскага. На самім жа свяце праводзілася анкетаванне месцічаў на прадмет іх уяўлення пра напрамкі рэалізацыі праекта, у рамках якога дзятва, узброіўшыся фарбамі, малявала будучы выгляд населенага пункта — сваёй малой радзімы.

На здымку: «Залаты ўзрост» прапануе мазалаўскія прысмакі

Святочная дзея праходзіла ў так званым амфітэатры — на адкрытай пляцоўцы супраць Дома культуры. З паўдня да вечара яна поўнілася шматгалоссем, музыкай, спевамі. На ўваходзе гасцей сустракалі пан Манькоўскі і Сялянка.

Мой Мазалаўскі край —

Мая маленькая радзіма.

Ты сэрцу любая, ты — гонар мой заўжды.

Ты ганарышся кожным сваім сынам,

Сама для ўсіх — глыток жывой вады.

На здымку: Ігнат Манькоўскі (Андрэй Струнчанка) і Сялянка (Наталля Малевіч)

Гэтыя словы сталі лейтматывам першай часткі свята. На пляцоўцы працавалі розныя выставы: «З гарышчаў бабуль і дзядуль» раённага музея, «Майстэрня» цэнтра рамёстваў «Адраджэнне». Аматары чытання спыняліся ля кнігавыстаўкі раённай бібліятэкі, краязнаўцы — каля стэнда з фотаздымкамі з гісторыі  свята, якое праводзілася, а яно бярэ пачатак у 2010 годзе. Ля яго вытокаў стаялі мясцовыя культработнікі. У свой час у межах свята праходзіў конкурс «Квасаўка» на лепшы рэцэпт прыгатавання славянскага напою, узнаўлялі абрад вяселля. Гасцінна запрашалі да шчодрага стала ў імправізаванае кафэ «Мазалаўскія прысмакі» ўдзельніцы клуба «Залаты ўзрост». Тут вабіў водар разнастайнага печыва, наганялі апетыт чырвонабокія яблыкі, зіхацелі на сонцы зала-цістыя грушы, узвышаліся гарлачы з прахладжальным квасам. Частавалі кожнага з жартамі і песнямі. А побач на свежым паветры смажылі дранікі гаспадынькі з Мазалаўскай школы. Любы жадаючы мог праверыць свае вакальныя здольнасці на станцыі «Прыпевачны паядынак», дзятва ж і падлеткі з радасцю «акупіравалі» пляцоўку пад назвай «Гульнёвая».

На здымку: выстаўку дэманструе бібліятэкар аддзела абслугоўвання раённай бібліятэкі Алена Севастопалева

Прывітанне прысутным адрасавала намеснік старшыні райвыканкама Ксенія Карабач. Яна падкрэсліла, што свята вызначаецца такой душэўнасцю таму, што яго ладзяць самі месцічы: прадстаўнікі сельвыканкама, Дома культуры, школы. «Дабрабыт усёй Беларусі складаецца з дабрабыту жыхароў такіх вось населенных пунктаў», — зазначыла Ксенія Мікалаеўна.

Старшыня Мазалаўскага сельскага Савета Леанід Дубіна пажадаў жыхарам аграгарадка дабра і шчасця, удзельнікам конкурсу — удачы, гасцям — святочнага настрою.

На здымку: сям’я Мядзведзевых

Галоўнай падзеяй дня стала спаборніцтва сем’яў у межах моладзевага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». Удзел у ім прынялі чатыры сям’і: Аляксандр і Крысціна Мядзведзевы з сынамі Янам, Паўлікам і дачкой Евай з аг. Бабінічы; Дзмітрый і Таццяна Буевіч з сынам Даніілам (аг. Вароны); Яўген і Сняжана Ганчаровы з сынам Гардзеем; Юрый і Надзея Рыкуновы з сынам Яраславам (апошнія дзве з в. Хайсы). Ім трэба было прайсці 9 конкурсаў, у ходзе якіх раскрыць свае патэнцыял, сямейныя традыцыі, звычкі, захапленні. Вядучыя конкурсу Міхаіл і Ларыса Шыдлоўскія на працягу ўсёй дзеі падбадзёрвалі сем’і, папярэджвалі пра захаванне тэхнікі бяспекі, а ў перапынках дзяліліся сакрэтамі сумеснага жыцця, бо самі ўжо адзначылі рубінавае вяселле.

На здымку: Надзея і Юрый Рыкуновы з вядучымі конкурсу

Ужо напачатку «візітныя карткі» сем’яў сведчылі, што ўсе — дастойныя сапернікі, надзеленыя мастацкімі і артыстычнымі здольнасцямі, вытрымкай, пачуццём гумару.

Кожная сям’я творча падышла да задання. Крысціна Мядзведзева не прамінула ўспомніць пра хлебаробскую дынастыю па лініі мужа. Дарэчы, Аляксандр таксама набыў сельскагаспадарчую прафесію ў ветакадэміі, але працуе экскаватаршчыкам. Сама Крысціна да выхаду ў дэкрэтны водпуск працавала ў навуковым цэнтры па жывёлагадоўлі.

На здымку: дранікі ад работніц Мазалаўскай школы

Муж і жонка Буевічы дазволілі ахарактарызаваць сямейны партрэт у мастацкай раме маленькаму Даніілу, і ён не падвёў бацькоў, удала прадэкламаваў пра каштоўнасці кожнага.

Надзея Рыкунова біяграфію сям’і праспявала прыпеўкамі. Яе цудоўны голас, артыстызм і ўменне трымацца на сцэне ацаніла журы. Дапоўніў матулю вершаванымі радкамі сын Яраслаў.

«Мы — каманда футбалістаў, баяністаў і артыстаў», — прадставілася сям’я Ганчаровых, у членаў якой нават футболкі былі з аднолькавымі надпісамі. У вершаванай форме муж і жонка расказалі пра сябе і вялікую радню, якая прыйшла падтрымаць Яўгена і Сняжану, а таксама панянчыць Гардзея, бо жвавы хлопчык доўга не мог усядзець на руках.

На здымку: сям’я Буевіч

У конкурсе «Па дровы»  ад мужчын патрабавалася пакалоць іх, а скласці ўжо маглі дапамагаць мамы з дзецьмі. Нанасіць вядро вады ў чыгунку вілкамі — таксама было заданне для мужчын. Затое ў конкурсе «Агароднінная лаўка» гаспадарылі жанчыны, ім патрабавалася з завязанымі вачамі ўзяць з кошыка садавіну-агародніну і раскласці яе на асобныя кучкі. А вось конкурс «Курачка Раба» стаў сапраўднай забавай для дзяцей. Яны шукалі ў сене яйкі, а потым разам з мамамі размалёўвалі іх. Апрача гэтага, сем’і вязалі венікі для лазні, адказвалі на пытанні віктарыны на веданне сваёй мясцовасці, дэкламавалі вершы на беларускай мове. Дамашняе заданне — страву па бабуліных рэцэптах — дазвалялася прэзентаваць са сваімі групамі падтрымкі. Гэты конкурс выявіў цудоўныя кулінарныя здольнасці маладых гаспадынек: бульбу з грыбамі ў гаршчках, агароднінныя салаты, усялякае печыва, гарбату запрашалі паспрабаваць усіх жадаючых.
 Выявіць пераможцаў было надзвычай складанай задачай. Таму кожная сям’я была адзначана дыпломам у нейкай намінацыі. Так, сям’я Мядзве-дзевых прызнана самай працавітай і мэтанакіраванай, Рыкуновых — самай артыстычнай і творчай, Буевічаў — самай вясёлай і знаходлівай, Ганчаровых — самай крэатыўнай. Кожнай уручаны падарункі — электрабытавая тэхніка, і кожная можа з поўным правам звацца уладаром сяла, бо на такіх моцных, дружных,  працавітых, таленавітых сем’ях і трымаецца жыццё наша.

Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.