На любых мерапрыемствах, дзе разгортваюць свае падворкі сельскія Саветы, ноўкінская сядзіба вылучаецца шчодрасцю і гасціннасцю. Прывабліваюць наведвальнікаў адмысловыя вырабы ўмельцаў, нацыянальная кухня, усмешлівыя гаспадынькі. Звычайна ладзяць выставу-продаж работнікі Савета і культуры.

На здымку: Жанна Фёдарава, Аксана Дармастук, Андрэй Лебедзеў і Тамара Мячанкова

Было што паглядзець і пакаштаваць удзельнікам раённых «Дажынак». Вязаныя сурвэткі, ручнікі, вышытыя бісерам карціны, сплеценыя з газетнай паперы вазы, куфэркі прэтэндавалі на званне «лепшы сувенір». Гэта вырабы ўдзельнікаў гуртка інтэрнацыянальнай дружбы «За рукі возьмемся, сябры» раённага Дома культуры. Дэманстравала іх кіраўнік аб’яднання Тамара Мячанкова. У «Майстэрню талентаў» з унушальнай калекцыяй славянскіх лялек, што базіруецца таксама ў РДК, запрашала яе кіраўнік Жанна Фёдарава. А вось іх калега – загадчыца Васількоўскага сельскага клуба-бібліятэкі Аксана Дармастук была адказнай за пачастункі. І калі сала, агуркі з бачуркі былі на многіх сталах, то беларускія ролы з гэтых прадуктаў, цыбулі і хлеба, пэўна, у яе адной. Нямала было жадаючых атрымаць рэцэпт бульбішкаў. Маленькія шарыкі з працёртай бульбы, запечаныя ў керамічным гаршчку, сталі самай арыгінальнай стравай. Каб не шыльда «Нацыянальная кухня» на падворку, Аксана Уладзіміраўна здзівіла б яшчэ шмат якімі прысмакамі, да прыкладу, па ўзбекскіх рэцэптах, якія добра асвоіла з матчынай падачы.

Задаволены сваімі гаспадынькамі быў старшыня сельскага Савета Андрэй Лебедзеў: люба і самому паглядзець і гасцей запрасіць на падворак не сорамна.

Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.