Справаздачны канцэрт творчых калектываў устаноў культуры аг. Мазалава, у якім прынялі ўдзел больш за паўсотні ўдзельнікаў, стаў сапраўдным узорам творчасці дзяцей і дарослых — шчырым і запамінальным.

На здымку: танцавальны гурт Калінка

З талентамі дзяцей і дарослых жыхары і госці Мазалава пачалі знаёміцца яшчэ да ўваходу ў глядзельную залу, бо ў фае СДК усіх чакалі выставы твораў удзельнікаў гуртка дэкаратыўна-прыкладного  мастацтва «Чароўны куфэрак» і дзіцячага клуба творчага развіцця «Фантазёры». На другім паверсе разгарнулася выстава работ «Мае мары» мясцовага мастака Аляксандро Цішчанкава, чыя праца «Ноеў каўчэг» з 2 лютага экспануецца на выніковай выставе V Міжнароднага фестывалю наіўнага мастацтва і творчасці аўтсайдэраў «Фэстнаіў» у Маскоўскім музеі сучаснага мастацтва на Пятроўцы.

Падчас пралога да канцэрту культработнікі запрасілі гледачоў здзейсніць падарожжа на «самалёце» ў аграгарадок Мазалава, пасля чаго на сцэне запанавалі спевы, танцы і музыка. У святочным карагодзе прынялі ўдзел народны ансамбль народнай песні і музыкі «Вераснянка», народны жаночы клуб «Залаты ўзрост», тэатральны гурток «Вобраз», клуб інтэрнацыянальнага сяброўства «Згода», танцавальны гурт «Калінка» і настаўніца дзіцячай школы мастацтваў Наталля Лявонава.

На здымку: падчас міні-спектакля

У межах канцэртнай праграмы адбыўся заключны этап творчага конкурсу сярод замежных студэнтаў «Песні і танцы сваёй краіны», у якім выступілі 6 фіналістаў — прадстаўнікі ветакадэміі і ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Тут жа адбылося ўзнагароджванне ўдзельнікаў і пераможцаў папярэдніх конкурсаў сярод сяброў клуба «Згода» — конкурсу фотаздымкаў «Мая Радзіма», відэаролікаў і прэзентацый — «Святочныя традыцыі сваёй краіны».

Па завяршэнні канцэрта са словамі ўдзячнасці выступіла намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры і творчасці Марына Яско, якая ўручыла падзякі кожнаму ўдзельніку творчых калектываў.

Андрэй Струнчанка