Імі можна назваць кожную з чатырох сямейных пар, якія прынялі ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе пад аднайменнай назвай, што прайшоў на адкрытай пляцоўцы ў аграгарадку Мазалава. Відовішчнае мерапрыемства стала святам для месцічаў і сабрала вялікую аўдыторыю — балельшчыкаў і проста гледачоў, якія шчыра падтрымлівалі сем’і на ўсіх этапах спаборніцтваў.

На здымку:Юрый і Надзея Рыкуновы (конкурс «Па дровы»)

На здымку:Юрый і Надзея Рыкуновы (конкурс «Па дровы»)

Пры распрацоўцы праекта яго арганізатары — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і райком ГА «БРСМ» — ставілі мэты замацавання маладых сем’яў у вёсцы; стымулявання іх да вядзення прысядзібнай гаспадаркі; папулярызацыі сельскагаспадарчай працы; актывізацыі добраўпарадкавання сельскіх падвор’яў; прапаганды гістарычных, культурных і сямейных каштоўнасцей, традыцый беларускай вёскі.

Ужо на першым этапе знаёмства, дзе патрабавалася творча прадставіць сваю сям’ю, яе традыцыі, заняткі, захапленні, было бачна, што ўсе — дастойныя сапернікі. Кожная вызначалася арыгінальнасцю і артыстызмам. Варта адзначыць і такую акалічнасць: ва ўсіх канкурсантаў у сем’ях выхоўваюцца сыны і ні адной дачушкі.

Шматдзетная сям’я Драздовых з Суража: Вольга, Сяргей і трое дзяцей — Дзяніс, Уладзік і Дзіма ўяўлялі згуртаваную каманду. У іх нават вопратка была ў адзіным стылі, дарэчы, як і ў вялікай групы падтрымкі.

На здымку: снеданне для гаспадара ад Вольгі Драздовай

Анастасія і Сяргей Аляксеенкі з сынам Максімкам абаранялі гонар аграгарадка Ноўка. Алесю і Аляксея Вараб’ёвых, а таксама Надзею і Юрыя Рыкуновых «накіраваў» на конкурс аг. Мазалава. Дарэчы, абедзьве сямейныя пары выхоўваюць па двое сыноў.

Жанчыны бралі на сябе ролю рэжысёраў і пад іх чуйным кіраўніцтвам мужчыны пераўвасабляліся ў дастойных рыцараў, разнявольваліся дзеці.

Здавён лічылася, што жаночая дарога — ад печы да парога, гэта значыць галоўны абавязак жонкі і маці — накарміць сям’ю. Прадэманстраваць свае кулінарныя здольнасці захавальніцам дамашняга ачага прадстаяла ў конкурсе «Снеданне гаспадара». Ад іх патрабавалася за 10 хвілін на калодзе прыгатаваць любімую страву для мужа, пры гэтым улічваліся яе якасць, сервіроўка, арыгінальнасць падачы. Гаспадынькам дазвалялася выкарыстоўваць прадукты, якім дастаткова непрацяглай тэрмічнай апрацоўкі: агародніну, яйкі, каўбасу… У палявых умовах яны паспелі не толькі прыгатаваць ежу, але і ўпрыгожыць яе ядомымі сэрцайкамі, кветачкамі, сонейкам.

На здымку: знаходлівыя Алексеенкі

У конкурсе «Па дровы» ўдзельнічалі муж і жонка — ручной пілой пілавалі бервяно на роўныя цуркі і складвалі дровы. А вось у конкурсе «Добрая лазня» першую скрыпку іграў мужчына. У яго лепей выходзіла навязаць венікаў з нарыхтаваных загадзя бярозавых галін.

Зусім няпроста было прадставіць сямейны адпачынак у харэаграфічным жанры — услед за ўдзельніцамі танцавальнага калектыву паўтарыць плясавыя элементы, але і з гэтай задачай пары справіліся. Перавесці дух змаглі падчас «Сялібскіх загадак» па краязнаўству і сямейнаму быту. Хаця і тут без ведання мясцовай геаграфіі не адразу скеміш, якое ў раёне самае вялікае возера, дзе знаходзіцца помнік дзецям М. П. Шмырова, як называецца фабрыка па вырабу ветпрэпаратаў…

На здымку: сям’я Вераб’ёвых

Вызначыць «самую-самую» пару было немагчыма — нехта праявіў больш кемлівасці, іншы — спрыту ці разважлівасці. У выніку кожная сям’я набыла «званне» ў пэўнай намінацыі. Так, статус «самая крэатыўная» прысвоены Драздовым, «самая знаходлівая» — Аляксеенкам, «самая дружная» — Вараб’ёвым, самымі творчымі названы Рыкуновы.

Усе канкурсанты атрымалі дыпломы, падарункі ў выглядзе электрабытавой тэхнікі і заахвочвальныя прызы ад БРСМ. І самае галоўнае — іх удзел у праекце сведчыць: у раёне шмат моцных, дружных сем’яў, якія выхоўваюць дзетак, вядуць падсобную гаспадарку, умеюць кахаць і адпачываць.

Ніна Сталярэнка
Фота аўтара