Зусім хутка надыйдзе адна з самых прыгожых і таямнічых начэй, якую з нецярпеннем чакаюць на Беларусі — купальская. Абрады з травой, агнём і вадой, пошук папараць-кветкі — да сённяшніх дзён гэта неад’емныя рытуалы аднаго з самых любімых летніх святаў беларусаў.
Старажытныя народныя гулянні, звязаныя з летнім сонцастаяннем, з росквітам прыроды і цеплыні кожны год можна бачыць у розных мясцовасцях Беларусі, але існуе і найбольш вядомае, масавае — рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), якое праходзіць у аднайменным населеным пункце, што на Магілёўшчыне. За некалькі год правядзення дадзенае мерапрыемства стала сапраўдным брэндам краіны: сюды прыязджаюць шматлікія госці не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, якіх падчас святкавання аб’ядноўваюць славянскія традыцыі і рытуалы.

Сёлета прадэманстраваць свае таленты на рэспубліканскім купальскім свяце і прадставіць Віцебскую вобласць, што, дарэчы, вельмі ганарова, пашанцавала творчым калектывам нашага раёна.

Жыхароў і гасцей Віцебскага раёна ў гэты дзень чакае не менш насычаная праграма ў вёсцы Доўжа, дзе па традыцыі адбудзецца самае масавае святкаванне. Тут у купальскую ноч нікому не прыйдзецца сумаваць — вясёлыя гульні, тэатралізаваныя канцэрты, конкурсныя праграмы, а таксама шмат сюрпрызаў ужо чакаюць сваіх удзельнікаў і гледачоў.

Акунуцца ў атмасферу загадкавага славянскага свята, паваражыць на вянках, паспаборнічаць у вышыні скачкоў праз вогнішча, з надыходам самых доўгіх летніх дзён і кароткіх начэй, на берагах рэк і азёр змогуць і ў іншых населеных пунктах.

Алена Бадзяла