Асаблівыя гэтыя выхадныя дні ў раёне, напярэдадні Дня Незалежнасці яны насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі.

На здымку: шматдзетная сям’я Керасёвых з аг. Ноўка.

На здымку: шматдзетная сям’я Керасёвых з аг. Ноўка.

Ужо ў суботу і нядзелю культурныя ўстановы пачнуць ствараць месцічам святочны настрой. Жыхароў населеных пунктаў запрашаюць выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, тэматычныя кніжныя. Запланаваны конкурс малюнкаў пад назвай «Хай заўжды будзе сонца», тэатралізаваныя прадстаўленні патрыятычнага накірунку, канцэртныя праграмы. Вымнянскі дом культуры аб’явіў двухдзённую акцыю «Квітней, мой край, пад небам жураўліным». Чакаюць гасцей музеі — раённы гісторыка-краязнаўчы, «Гісторыя Заронаўскага краю», Старасельскай школы.
3 ліпеня паўсюдна ў сельсаветах пройдуць урачыстыя мітынгі з ускладаннем вянкоў і кветак да воінскіх помнікаў. Маштабнае мерапрыемства плануецца ў Шапечынскім сельсавеце — у в. Навікі адкрыецца помнік вызваліцелям, створаны на сродкі іх родных з Расійскай Федэрацыі.
Шырокая святочная праграма запланавана ў абласным цэнтры, кульмінацыяй яе стане традыцыйная  акцыя «Праспяваем гімн разам», пасля якой у 23.00 неба над Віцебскам расквеціцца салютам.
Заўтра дэлегацыя нашага Прыдзвінскага краю накіруецца на Курган Дружбы ў Верхнядзвінскі раён на чарговую, 58-ю сустрэчу партызан і падпольшчыкаў Беларусі, Расіі і Латвіі. Пасланцы трох дзяржаў ускладуць вянкі і кветкі да помнікаў загінулых у гады Вялікай Айчыннай, абмяняюцца сувенірамі. Насычаную канцэртную праграму падрыхтавалі для гасцей мастацкія і творчыя калектывы.

Ніна Сталярэнка