У незвычайнае падарожжа запрашалі гасцей фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» творчыя калектывы Віцебскага раёна. У пятніцу на плошчы Свабоды абласнога цэнтра кожны рэгіён Прыдзвіння прадстаўляў свой брэнд. Паўсюдна ёсць свае нацыянальныя асаблівасці, якія сучаснае пакаленне пераняло ў продкаў, вывучыла і па-мастацку аздобіла, каб перадаць непаўторныя адметнасці.

На здымку: Звон-Гара запрашае ў свой шацёр

Віцебскі раён на працягу некалькіх год прадстаўляе традыцыйны сялянскі напой — прыдзвінскі квас. Перш чым аб’явіць яго брэндам, культработнікі склалі бадай што энцыклапедыю рэцэптаў, якія здабылі падчас вандровак па населеных пунктах і сустрэч з людзьмі. Занатавалі дзясяткі спосабаў прыгатавання квасу.

Са сцэны самадзейныя артысты славілі напой мастацкім словам, музычнай мовай, аформіўшы прадстаўленне як квас-тур у Мазалава, Альгова, Ноўку. «Квас — у кубкі, рукі — у бокі… ногі самі ідуць у скокі», — запрашалі пачаставацца і павесяліцца вядучыя. Захапляльнае падарожжа арганізавалі прадстаўнікі экалагічнага пасялення Звон-Гара. І не толькі на сцэне яны пакарылі гледача іскрамётным выступленнем. На панадворку Віцебскага раёна яны запрашалі гасцей у свой шацёр, каб пачаставаць квасам з мацярдушкай, мятай, лісцем чорных парэчак і іншымі дабаўкамі, а яшчэ — гарбатай з розных траў, хлебам і саладосцямі ўласнай выпечкі, мёдам, варэннем, пасцілой. Тут жа на панадворку можна было наведаць цэх рамеснікаў раённага музея, а ў ім — крамы каваля, сталяра, цесляра. Сёлета да фестывалю супрацоўнікі музея падрыхтавалі керамічныя сувеніры ў выглядзе анёлаў, званочкаў, падковак, а таксама «кружки-теплушки» з вязаным шарсцяным падшклянкам. Акрамя гэтага, прапаноўвалі магніцікі з выявай прыдзвінскага велікана. Фёдар Махноў нарадзіўся у в. Касцюкі, непадалёку ад Старога Сяла. Рост яго быў 285 см, даўжыня ступні — за паўметра, далоні — 32 см. Дастойнае месца занялі цудоўныя сувеніры Цэнтра рамёстваў «Адраджэнне» — гліняныя, саламяныя, тканыя, а таксама драўляныя вырабы Цэнтра дзяцей і моладзі.

На здымку: Таццяна Лаўрыновіч дэманструе вырабы «Адраджэння»

Падзівіцца на жаночыя ўпрыгожанні запрашала студыя прыкладнога дызайну «Майстрыха» Капцянскага СДК, якой кіруе Вольга Вансовіч. Брошкі, заколкі, бранзалеты з бісерынак, стужачак прыйдуцца да спадобы любой модніцы.

Паспяхова прыняў удзел наш раён і ў турніры народных танцаў. Іх, бытаваўшых на прыдзвінскай тэрыторыі ў мінулым стагоддзі, культработнікі вывучалі падчас спецыяльных экспедыцый па аграгарадках і вёсках. Пара са Звон-Гары і дзіцячы харэаграфічны калектыў «Гарэзы» раённага Цэнтра культуры і творчасці выйшлі пераможцамі танцавальнага спаборніцтва і ўдастоены дыпломаў першай ступені.

Ніна Сталярэнка
Фота аўтара