З маладосці Таліна Міхайлаўна Іжохіна асвоіла некалькі спецыяльнасцей. Даводзілася мяняць іх з прычыны жыццёвых абставін. Але сваім прафесійным святам жанчына лічыць Дзень настаўніка. Пакуль функцыянавала Заронаўская базавая школа, яна абавязкова двойчы ў год прыходзіла сюды — 1 верасня і на апошні званок. Зараз прымае віншаванні па тэлефоне — ад былых калег і сваіх вучняў.
На здымку: Таліна Іжохіна
Дзяцінства, якое выпала на перадваенныя і саракавыя гады, не песціла дзяўчынку. Атрымаўшы паведамленне, што бацька на фронце прапаў без весткі, пасля вызвалення Віцебска Таліна з маці пераехалі сюды з роднага Веліжа. Тут у 1945 годзе яна пайшла ў першы клас. Ужо тады дзяўчынка хацела стаць настаўніцай, але, каб паступіць у педінстытут, патрабавалася сярэдняя адукацыя. Адной маці было цяжка гадаваць дзвюх дачок, таму пасля заканчэння сямі класаў старэйшая Таліна паступіла ў ветэрынарны тэхнікум.
Па размеркаванні маладога спецыяліста накіравалі ў саўгас «Віцебскі», дзе прапанавалі пасаду брыгадзіра па жывёлагадоўлі. З ранку да позняй ночы дзяўчына маталася па фермах — лячыла жывёл, складала рацыёны кармлення. Цяжкасці прафесіі кампенсаваў падарунак лёсу: у асобе саўгаснага вадзіцеля Таліна знайшла сваю другую палавінку. З цягам часу Іжохіны пабудавалі ў Заронаве дом, у сям’і падрасталі сынок і дачушка, і тады жанчына вырашыла ажыццявіць даўнюю мару — паступіла на завочнае аддзяленне Віцебскага педінстытута. Да гэтага часу ў Заронаве пабудавалі дзіцячы садок, на часова вакантную пасаду загадчыцы запрасілі Іжохіну. Калі ж вярнулася пастаянны работнік, Таліна Міхайлаўна пачала загадваць вясковым клубам, паралельна закончыла курсы памочніка кінамеханіка.
Таварыская, надзеленая арганізатарскімі здольнасцямі жанчына згуртавала моцную агітбрыгаду. У адной асобе яна была і сцэнарыстам, і рэжысёрам, і кінамеханікам. Сама падавала прыклад выступлення на сцэне, саліравала ў хоры — па сённяшні дзень яе любімая песня пра сіненькую сціплую хусцінку.
Без адрыву ад вытворчасці, як кажуць, атрымала дыплом аб вышэйшай адукацыі. Вось толькі вакансіі настаўніка пачатковых класаў у Заронаўскай школе на той момант не было. Год Іжохіна вяла ўрокі спеваў і дамаводства ў дзяўчынак.
Свой першы клас Таліна Міхайлаўна прыняла ў 1972 годзе. Спачатку пачатковая школа аб’ядноўвала 4 класы, потым — 3. Даводзілася ва ўсіх весці заняткі, арганізоўваць пазакласныя мерапрыемствы, наведваць сем’і вучняў. Не пакідала былы культработнік і сцэну — спявала ў хоры.
Яна любіла дзяцей і тыя адказвалі ўзаемнасцю. Патрабавальнасць у спалучэнні з дабратой настаўніца ставіла ў аснову сваёй педагагічнай дзейнасці. У Таліны Міхайлаўны з дзяцінства добра пастаўлены голас, яна ўмела ім маніпуліравала, вучні слухалі ўсе тлумачэнні як зачараваныя. Заняткі былі падобныя на маленькі спектакль, каб дзятва не сумавала. Нездарма на адкрытых уроках Іжохінай калегі адзначалі артыстычнасць жанчыны.
У яе шмат паслядоўнікаў, якія, дзякуючы першай настаўніцы, выбралі прафесію педагога. За прыкладам далёка хадзіць не трэба — загадчыца Заронаўскага дзіцячага садка Зоя Пека вучылася ў Іжохінай і аднойчы заявіла маці: «Хачу быць настаўніцай, як Таліна Міхайлаўна!». Дзіцячая мара спраўдзілася.
Цікавая дэталь: менавіта ёй, выпускніцы Аршанскага педвучылішча, Іжохіна ўступіла месца настаўніцы ў роднай школе. Сама ж яшчэ, ужо знаходзячыся на заслужаным адпачынку, некалькі год працавала ў дзіцячым садку. Па сённяшні дзень паважаная настаўніца, якая ў ліпені адзначыла юбілейны дзень нараджэння, лічыць, што ў школе бяруць вытокі жыццёвыя лёсы.
Ніна Сталярэнка