У Год малой радзімы раённы гісторыка-краязнаўчы музей праводзіць акцыю пад назвай «Быць эрудзіраваным модна». Цікава прайшоў музейны занятак для вучняў Акцябрскай школы па тэме «Таямніцы беларускіх слоў».
Падчас правядзення мерапрыемства
Эпіграфам да мерапрыемства сталі радкі Міхася Пазнякова:
«У горадзе, між ніў жытнёвых,
У важным доме, сціплай хаце
Не забывайце роднай мовы —
У нас адна яна, як маці».
У відэа «Цудоўная беларуская мова» назвы штодзённых рэчаў былі пададзены на роднай мове. Пасля прагляду хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў экспедыцыю па краіне Мовы. Падчас падарожжа яны спыняліся на «астравах» з адпаведнай заданню назвай: «востраў прыказак і прымавак», «востраў малюнкаў», «востраў пытанняў», «востраў беларускіх слоў», «востраў загадак». Дзеці паказалі свае веды і моўную эрудыцыю, паспяхова прайшлі ўсе перашкоды, разам праспявалі беларускую песню. Пасля гульні-падарожжа вучні паглядзелі мультфільм «Дзед», створаны па матывах беларускіх народных казак.
Актыўныя «падарожнікі» атрымалі наклейкі для папаўнення альбома ўдзельніка музейных мерапрыемстваў і наказ ад супрацоўнікаў музея любіць і шанаваць малую радзіму і родную мову, паважаць сваіх продкаў, захоўваць традыцыі роднага краю.
Ніна Сталярэнка