«Тут мая вёска, мае карані»… Так кажа пра свой родны куточак жыхар аг. Мазалава Андрэй Струнчанка.

На здымку: Андрэй Струнчанка

Арганізатарскімі здольнасцямі Андрэй вылучаўся са школы, якую скончыў у родным Мазалаве. Запал не пакінуў яго і падчас вучобы ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў, пасля — ВДУ імя П. М. Машэрава.

У вышэйшай навучальнай установе Струнчанка скончыў гістарычны факультэт, тут жа ў магістратуры папоўніў запас тэарэтычных ведаў, займаўся даследаваннем гістарычнага часопіса «Русская старина».

Працоўны шлях Струнчанка пачаў  мастацкім кіраўніком Мазалаўскага дома культуры (некаторы час яго ўзначальваў), займаў пасаду дырэктара Віцебскага раённага метадычнага цэнтра.

Цікавасць маладога чалавека да мінулага роднай старонкі ўвасобілася ў шэраг культурных і краязнаўчых праектаў: «Сем цудаў вёскі Мазалава і яе ваколіц», «Сем знакамітых асоб Мілага», «Мазалаўскае вяселле» ды іншых. Неаднаразова Андрэй прымаў удзел у канферэнцыях рознага ўзроўню, дзе натхнёна распавядаў пра адраджэнне, зберажэнне і папулярызацыю традыцыйнай культуры беларусаў праз краязнаўства і этнаграфію, падмацоўваючы свае высновы асабістым прыкладам. Так, і цяпер сярод жыхароў і гасцей аграгарадка Мазалава карыстаецца поспехам экскурсія з інтэрактыўнымі элементамі па этнавыставе «З гарышчаў бабуль і дзядуль», што з’явілася ў мясцовым Доме культуры ў тым ліку дзякуючы і Андрусю Селяніну. Менавіта так, не саромеючыся свайго паходжання, называе сябе Струнчанка. Гэты яго псеўданім вядомы і нашаму чытачу, бо перыядычна ў «раёнцы» пад ім выходзяць матэрыялы, якія знаёмяць з плённай дзейнасцю мясцовых культработнікаў.

Шмат публікацый прысвечана інтэрнацыянальнаму сяброўству. На базе Мазалаўскага СДК пад кіраўніцтвам Андрэя працуе клуб «Згода», які некалькі гадоў таму аб’яднаў студэнтаў ВДУ імя П. М. Машэрава, ветакадэміі і мясцовыя творчыя суполкі. Сяброўства без межаў зацікавіла моладзь з Кітая, Лівана, Палесціны, Іарданіі, Эквадора, Туніса, Польшчы і іншых краін свету. Яны з вялікім жаданнем кожны раз прыязджаюць у Мазалава, каб адкрыць для сябе новую, дагэтуль невядомую Беларусь. Мясцовымі краязнаўцамі на чале з Андрэем Струнчанка распрацаваны турыстычныя маршруты з нацыянальным каларытам. Яны праходзяць не толькі па пэўных аб’ектах Мазалава, але і з інтэрактывам, папулярызуючы культурныя каштоўнасці, нематэрыяльную духоўную спадчыну Віцебскага раёна. Усё гэта накіравана на ўсталяванне прамых кантактаў па культурным супрацоўніцтве з замежнымі краінамі.

Жыве і сёння раённае свята «Мазалаўскі карагод гульняў», аўтарамі якога больш за 5 гадоў таму сталі Андрэй Струнчанка і дырэктар раённага цэнтра культуры і творчасці Наталля Буланчыкава. Конкурс на лепшы рэцэпт прыгатавання славянскага напою «Квасаўка» стаў асновай брэнда Віцебскага раёна, які культработнікі прадстаўляюць на абласных святах.

Сваімі напрацоўкамі Струнчанка ахвотна дзеліцца з калегамі. Нягледзячы на тое, што цяпер працуе галоўным спецыялістам аддзела арганізацыйнай і грамадскай работы абласнога аб’яднання прафсаюзаў, не пакідае культурную ніву, праводзіць выхаваўчую работу з моладдзю, арганізуе экскурсіі, завочныя падарожжы па Прыдзвінскім краі. Асабліва задаволены, калі самому ўдаецца весці аповед пра родную старонку.

У свой дзень нараджэння, а яго Андрэй адзначае сёння, ён абавязкова прызнаецца ў любові да месца, дзе нарадзіўся, адкуль яго карані. Шмат цёплых слоў адрасуюць яму аднавяскоўцы. У кожным — шчырыя пажаданні далейшай плённай працы і асабістага шчасця. Яго Струнчанка шукае на роднай зямлі. Менавіта пад небам Беларусі, ён упэўнены, можна ажыццявіць усе свае мары.

Таццяна Дзіканава