«Волаты Прыдзвіння». Пад такой назвай у Віцебскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння нашагазнакамітага земляка, самага высокага чалавека ў свеце Фёдара Махнова.

На здымку: удзельнікі і госці канферэнцыі: Наталля Вінаградава, Людміла Барсукова, Людміла Нікіціна, Вольга Залеская, Галіна Зімяніна і Станіслаў Нікіцін

Мерапрыемства сабрала на цікавую размову  краязнаўцаў раёна, гасцей з абласнога цэнтра. Плённай працы ўдзельнікам канферэнцыi ў прывітальным слове пажадала в. а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Тарасава.

Напачатку супрацоўнікі музея правялі гасцей па экспазіцыі «Волат з Касцюкоў». Агульнавядомыя факты біяграфіі Махнова яны дапоўнілі малавядомымі звесткамі з жыцця асілка, якія ўдалося адшукаць у матэрыялах замежных перыядычных выданняў пачатку XX стагоддзя.

Прыдзвінскі край багаты на ўнікальных людзей, у нейкім сэнсе гэта таксама волаты — па сваіх учынках. Таму спектр выступленняў не абмежаваўся старасельскім асілкам, а закрануў многія выбітныя асобы.

Як звычайна, цікавыя выступленні падрыхтавалі супрацоўнікі музея «Гісторыя Заронаўскага краю» Людміла і Станіслаў Нікіціны. Яны прадставілі прэзентацыі жыццёвых гісторый патрыётаў сваёй мясцовасці:  партызанскіх сясцёр Залескіх і арганізатара партызанскага руху, даваеннага старшыні Заронаўскага сельскага Савета Васіля Зімяніна. Людміла Канстан-цінаўна ўмее здзівіць  слухачоў, вось і на канферэнцыю запрасіла і прывезла з сабой ганаровых гасцей: дачку партызанкі Тамары Залескай Вольгу Васільеўну і дачку Зімяніна Галіну Васільеўну. Дарэчы, у апошняй, па цікавай выпадковасці, дата канферэнцыі супала з днем нараджэння (Галя з‘явілася на свет у партызанскім атрадзе), таму сёлета яна прымала віншаванні і ад удзельнікаў сустрэчы.

Шэраг прац па гісторыі Прыдзвінскага краю выдаў краязнаўца, дэлегат II з‘езда вучоных Беларусі Мікалай Півавар. Ён за-прасіў прысутных у завочнае падарожжа па памятных мясцінах.

Дырэктар Лятчанскай базавай школы Міхаіл Дук распавёў пра свайго знакамітага земляка вучонага-батаніка  Уладзіміра Адамава.

А як было не ўспомніць працоўную дзейнасць урача Высачан-скай бальніцы Аляксея Антонава і народнага ўрача Беларусі, Ганаровага грамадзяніна Віцебска Ігнація Антонава? Цікавымі звесткамі падзяліліся супрацоўнікі дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Таццяна Буевіч і Алена Бондарава, кіраўнік музея віцебскай СШ № 32 Алена Маўсесян.

Разнастайная тэматыка дакладаў паказала вялікі інтарэс даследчыкаў да гісторыі раёна і яго знакамітых людзей.

Знакавай падзеяй у Год малой радзімы стала выданне кнігі пра вёску Паляі Варонаўскага сельсавета мясцовым жыхаром Канстанцінам Скарадзіхіным. На краязнаўчай канферэнцыі аўтар прэзентаваў свой твор.

На лірычную хвалю ўдзель-нікаў мерапрыемства настроілі дзіцячы творчы калектыў «Забава» Акцябрскага дома культуры і фальклорная кампазіцыя ў выкананні дырэктара Капцянскага дома культуры Наталлі Сакаловай.

Супрацоўнікі раённага цэнтра рамёстваў «Адраджэнне» запраслі краязнаўцаў да сябе на майстар-класы і экскурсію па выставе этнаграфіі.

Па выніках канферэнцыі раённы музей плануе выдаць зборнік артыкулаў.

Ніна Сталярэнка