Заронаўскі сельскі Савет дэпутатаў жыве на юбілейнай хвалі. З нагоды яго 95-годдзя ў в.Суйкава адбылося адкрыццё банера «Гістарычны атлас Заронаўскага краю». Ён усталяваны каля Суйкаўскай школы ў крокавай даступнасці для ўсіх цікаўных.

На здымку: удзельнікі адкрыцця банера

На банеры пазначана шмат гістарычных аб’ектаў нашага краю: брацкія пахаванні, азёры, зніклыя помнікі. Сярод іх — заронаўская царква св.Ануфрыя, якая двойчы прымала працэсію з мошчамі нашай беларускай святой Ефрасінні Полацкай. Гэта было ў 1871 годзе і ў 1910 годзе пры пераносе поўнасцю мошчаў святой Ефрасінні. Працэсія ішла з Лужасна праз Пестуніцу. Прыпынялася ў многіх мясцінах.

Паказаны амаль усе населеныя пункты, якія зніклі. Між іншым, падаюцца некалькі назваў, напрыклад, сёння значацца Палойнікі, а раней тут была Шлёпаўка, затым Матрасы. Можна прачытаць аб існаванні раней на нашай тэрыторыі вёскі Швейцарыя (каля Суйкава). Былі  Замосце, Заполле, Навасёлкі, Шаркі, назвы якіх можна знайсці на карце Віцебскага раёна ў іншых сельсаветах. Быў у нас свой паселак Леніна, а таксама вёскі Зязюлі, Шэйкі, Вакзал, Барадзіны (Барадзіно).

Адкуль з’явілася ідэя такога атласа? У Віцебскім раёне ствараецца краязнаўчы атлас, збіраецца інфармацыя па сельсаветах. Мы справіліся з заданнем і вырашылі на аснове сабраных звестак зрабіць банер, каб людзі ведалі сваё гістарычнае мінулае. Тэхнічную працу выканаў Станіслаў Нікіцін, захавальнік музейных экспанатаў музея «Гісторыя Заронаўскага краю».

Прафінансавалі выраб і ўстаноўку банера педкалектыў Суйкаўскай школы і мясцовыя мецэнаты.

На адкрыцці гістарычнага атласа прысутнічалі школьны калектыў, старэйшыны вёсак і дэпутаты Заронаўскага сельскага Савета, мясцовыя жыхары. Права адкрыць банер было прадстаўлена  вучням, пераможцам краязнаўчых конкурсаў Мікіту Шыбеку і Дар’і Зімінай. Мікіта і Даша выступілі на абласных конкурсах з даследчымі работамі пра мясцовых людзей — Любоў Нікіфараву з в.Субачы і сям’ю майстроў Марозавых-Глінка з в. Бліны. Юныя заронаўскія краязнаўцы шмат распавядаюць пра жыццё, мясцовыя падзеі і людзей і падчас экскурсій па музеі. Старшыня Заронаўскага сельвыканкама Зоя Пека адзначыла ў сваім выступленні многіх актывістаў і памочнікаў, што дапамагаюць у рэалізацыі праектаў сельскага Савета, уручыла ім падзякі і сувеніры. Сярод узнагароджаных, старэйшыны вёсак Пракуды, Баршчоўка, Суйкава Тамара Раздробенка, Наталля Уласенка, Ванда Хахлова. Не забыліся пра былую старэйшыну Суйкава Марыю Амосаву. Сёлета ёй споўнілася 90 год, але яна па-ранейшаму займае актыўную пазіцыю і нераўнадушная да ўсіх падзей сваёй вёскі. Жыццёвая энэргія жанчын радуе. Гэта актыўныя памочніцы старшыні. Да іх можна звярнуцца па любому пытанню і атрымаць пасільную дапамогу.

Спадзяемся, што наша ініцыятыва будзе станоўча ацэнена жыхарамі сельсавета.

Л. НІКІЦІНА,
 краязнаўца.