Упершыню падобнае мерапрыемства прайшло ў 2010 годзе ў Дуброўне як агляд-конкурс аўтэнтычных фальклорных калектываў. З таго часу раз у два гады аматары фальклору збіраюцца ў розных кутках вобласці, каб захаваць аўтэнтычныя вясельныя спевы і абрады Віцебшчыны.

На здымку: Наталля Сакалова з аг. Копці.

На гэты рз свята пачалося з прэзентацыі абрадавых страў вясельнага стала з 16 раёнаў, якая разгарнулася ў фае раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Тут можна было пабачыць вясельны «рагаты» каравай з Дубровеншчыны, рыбны стол з Расоншчыны, стараверскі – з Шаркаўшчыны. Глыбоцкі раён прадставіў стравы, што былі на сталах ад сватання да вясельнага застолля, а народны жаночы клуб «Залаты ўзрост» Мазалаўскага сельскага дома культуры – свой квас, верашчаку, курнік…

Працягнулася мерапрыемства праглядам творчых праграм у намінацыі «Вясельныя спевы Віцебшчыны», дзе сапернічалі амаль 20 фальклорных калектываў з раёнаў вобласці, якія прадставілі мясцовыя і адметныя вясельныя песні сваіх рэгіёнаў. У госці да беларусаў прыехалі ансамбль «Рассыпуха» з горада Себеж (Расія) і мастацкі калектыў «Упіте» Вілякскай краявой думы з Латвіі. Прыдзвінскі край у гэтым конкурсе прадставілі Наталля Сакалова з аг. Копці (на здымку), а таксама дуэт Ірыны Толкач і Таццяны Кастэнка з Мазалава. Першая выканала песню «Цешча зяця прасіла», што была запісана ў вёсцы Зазыбы ад Галіны Аляксандраўны Ратомскай і выконвалася, калі жаніх заходзіў у хату да бацькоў нявесты перад тым, як ехаць да вянца. Мазалаўскія спявачкі выканалі песню «Скрыпнулі вароцікі на дварэ», запісаную ў вёсцы Заполле ад Лідзіі Дзмітрыеўны Галеевай, выконвалася яна падчас выкупу.

У межах святочнага дзеяння ўпершыню адбыўся конкурс-імправізацыя на лепшую сваццю «Без мяне мяне ажанілі», у якім свацця павінна была ярка, неардынарна, але на аснове мясцовых традыцый прадставіць жаніхоў і нявест.

Андрэй Струнчанка, намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ