Нарадзілася Таццяна Мікіцічна ў вёсцы Крыві­чы Полацкага раёна ў 1945-м годдзе ў сялянскай сям’і. Працоўную біяграфію пачала ў Віцебскім раённым вузле сувязі, дзе пасля дзесяці класаў некаторы час працавала тэлефаністкай. У 1965 годзе скончыла педагагічнае вучылішча і была накіравана ў Мазалава ў сярэднюю школу піянерважатай. З таго часу і назаўжды лёс звязаў яе з гэтай прыгожай вёскай на беразе ракі.

На здымку: «Залаты ўзрост», Таццяна Кастэнка — другая злева.

Вышэйшую адукацыю Таццяна Кастэнка атрымала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе абараніла дыпломную работу па тэме «Партызанскі рух у Віцебскім раёне». У школе выкладала гісторыю, займала пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце.

Таццяна Мікіцічна ўнесла важкі ўклад у грамадска-патрыятычнае выхаванне мясцовай моладзі і развіццё краязнаўства. Менавіта яна стала стваральнікам школьнага музея, дзе змяшчаўся цэлы шэраг экспазіцый, прысвечаных гісторыі і людзям мазалаўскага краю. Яе прозвішча ўнесена ў бібліяграфічны даведнік «Краязнаўцы Віцебшчыны другой паловы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя». За час працы ў школе Таццяна Мікіцічна прывіла любоў да гісторыі шматлікім выпускнікам, сярод якіх вядомыя не толькі ў раёне, але і рэспубліцы людзі: кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П. М. Машэрава Мікалай Півавар і намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Мазалаўскай СШ, пераможца многіх конкурсаў Ірына Выхадцава.

Таццяна Кастэнка стаяла ля вытокаў стварэння вядомага народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Вераснянка» (2002 год). Сёння знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але спакой ёй толькі сніцца, як кажуць. Яна з’яўляецца актыўнай удзельніцай народнага жаночага клуба «Залаты ўзрост» Мазалаўскага СДК, піша аўтарскія сцэнарыі да яго выступленняў і вершы, чытае кнігі і сла­віцца ўнікальнымі кулінарнымі здольнасцямі.

Нельга не ўзгадаць, як у 2018 годзе да Таццяны Мікіцічны падчас «Славянскага базару ў Віцебску» разам з тэлекампаніяй СТБ завітала вядомая поп-група «Султан Ураган», дзе гаспадыня частавала гасцей бярозавым сокам і ягадамі. Сустрэча адбылася на падвор’і сям’і Кастэнка, нездарма яно неаднаразова станавілася пераможцам мясцовага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні «Квітней як кветка, Мазалава-аграгарадок».

Аднавяскоўцы, удзельнікі творчых калектываў устаноў культуры аграгарадка, калегі і выпускнікі школы жадаюць Таццяне Кастэнка моцнага здароўя, аптымізму, бадзёрасці і творчага натхнення!

Андрэй Струнчанка