Пэўна, у кожнага чалавека ёсць настаўнік, які запаліў агеньчык цікаўнасці да свайго прадмета і вывеў на шырокія жыццёвыя прасторы. Маім любімым настаўнікам была і застаецца Ірына Мікалаеўна Выхадцава — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і настаўнік гісторыі Мазалаўскай сярэдняй школы (на здымку).
Гэты навучальны год для Ірыны Мікалаеўны дваццаты ў настаўніцкай практыцы. Скончыўшы ў 1999 годзе Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава (мае ступень бакалаўра гуманітарных навук), яна прыйшла працаваць у родную школу і па сённяшні дзень аддае сваю любоў і талент вучням. Сваімі педагагічнымі дасягненнямі настаўніца дзеліцца з калегамі ў абласным клубе «Прызнанне», прымае актыўны ўдзел у канферэнцыях.
Прайшло 13 год з таго часу, як я скончыў школу, але назаўсёды ў памяці застануцца ўрокі гісторыі, беларускай мовы і літаратуры. На іх хацелася хадзіць кожны дзень, каб навучыцца, даведацца штосьці новае, зрабіць што-небудзь карыснае, пачуць родную мілагучную мову… Кожны ўрок Ірыны Мікалаеўны быў цікавым і не падобным на іншыя, бо яна выкарыстоўвала розныя методыкі і прафесійныя прыёмы пры іх падрыхтоўцы і правядзенні, вучыла дасягаць пастаўленыя мэты і імкнуцца да самаразвіцця. Яна паказала чароўную сілу роднага слова, абудзіла інтарэс да гісторыі як навукі. А якія цікавыя пазакласныя мерапрыемствы ладзіла наша настаўніца — экскурсіі, падарожжы, вечарыны, тэатралізаваныя прадстаўленні… Менавіта дзякуючы гэтаму, акрамя педагагічнай адукацыі, я маю спецыяльнасць рэжысёра народных святаў і абрадаў.
Нездарма кажуць, што настаўнік працягваецца ў сваіх вучнях, якія памнажаюць жыццё педагогаў дасягненнямі, робяць яго разнастайным і цікавым. Так, шэраг выпускнікоў Ірыны Выхадцавай прадоўжылі яе справу — пазналі дзівосную краіну ведаў, скончыўшы гістарычны факультэт ВДУ імя П. М. Машэрава (трое з іх маюць ступень магістра гістарычных навук).
Нельга не ўзгадаць, што Ірына Мікалаеўна з’яўляецца сааўтарам вучэбнага дапаможніка «Віцебскі раён: краязнаўчыя нарысы», аўтарам праграмы факультатыву для вучняў агульнаадукацыйных школ па тэме «Краязнаўства Прыдзвінскага краю». У 2009 годзе яна стала пераможцам абласнога конкурсу «Настаўнік года», лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь – 2009».
У цяперашні час на базе Мазалаўскай сярэдняй школы рэалізуецца праект «Укараненне мадэлі Рэспубліканскага цэнтра спартыўнай прафарыентацыі як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы ва ўстановах адукацыі», у якім прымае ўдзел і мая паважаная настаўніца.
Акрамя асноўнай работы, Ірына Мікалаеўна прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 28 склікання. За шматгадовую добрасумленную працу ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі, падзякай старшыні Віцебскага аблвыканкама і іншымі ўзнагародамі.
З упэўненасцю можна сказаць, што навучанне і выхаванне сапраўднага грамадзяніна — гэта не проста работа Ірыны Выхадцавай, а лад яе жыцця, менавіта такім павінен быць настаўнік вышэйшай катэгорыі.
Андрэй Струнчанка