
У рамках свята «Александрыя збірае сяброў» 6 і 7 ліпеня на палянах на беразе Дняпра разгорнецца велізарная колькасць выставаў, канцэртаў і іншых мерапрыемстваў.
Адразу восем пляцовак будзе працаваць з 14.00 да 0.00 гадзін у першы дзень свята. Сярод самых цікавых можна вылучыць выставу дасягненняў Мінскага трактарнага завода «Зроблена ў Беларусi» і «Друкарскі двор» — дэманстрацыю тэхналогій вытворчасці старадаўняй паперы. Таксама на фестывалі будзе працаваць стэнд «Творчасць маладых», які адлюстроўвае выдатныя праекты моладзі. Для самых зацікаўленых запланавана экспазіцыя «Малая радзіма» з наведваннем класа Александрыйскай сярэдняй школы, у якім вучыўся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Таксама для ласуноў будзе ладзіцца выстава-продаж хлебабулачных вырабаў «Каравайная сяліба» і гандлёвы пункт з салодкай прадукцыяй «Яселка з ласункамі».
Сярод відовішчных мера-прыемстваў першага дня свята «Купалле» можна пералічыць паказальныя выступленні конных спартсменаў і цыркавое прадстаўленне ад калектыву «SIRIUS», а таксама некалькі канцэртаў. Забаўляць гасцей мерапрыемства будуць беларускія вакальныя і танцавальныя калектывы.
Завершыцца фестывальны дзень у Александрыі магутным гала-канцэртам. З 21.30 на галоўнай сцэне выступяць вядомыя артысты — Леў Лешчанка, Ціна Караль, група «Лепрыконсы», а таксама мноства маладых выканаўцаў з Беларусі. Пасля канцэрта ўсіх чакае святочны феерверк.
Сёмага ліпеня свята стартуе ў 11.00. Для наведвальнікаў прыгатавана некалькі музычных праграм і мноства майстар-класаў па тэме здароўя і прыгажосці. Напрыклад, з 11.00 да 14.00 на маладзёжнай пляцоўцы фестывалю «Купалле» гасцей навучаць правільна парыцца ў лазні, а таксама асновам вегетарыянскага сілкавання. Яшчэ на гэтай пляцоўцы пройдуць квэст і невялікі перформанс з фарбамі. Да 17.00 у апошні дзень фестывалю можна будзе паслухаць канцэрт бардаўскай песні.
З афішай «Купалля» можна азнаёміцца на афіцыйным сайце свята. Уваход на фестываль «Александрыя збірае сяброў» ажыццяўляецца бясплатна, аднак за гала-канцэрт трэба бу-дзе плаціць. Кошт аднаго квітка складае 12,50 беларускіх рублёў.
Вядома, што на тэрыторыі фестывальнай паляны «Купалле» ў Александрыі разгорнецца кірмаш. Госці змогуць наведаць шматлікія гандлёвыя рады з тэматычнымі таварамі і сувенірамі, якія можна набыць на памяць пра свята. Таксама будуць працаваць летнія кафэ, у якіх можна будзе перакусіць пад адкрытым небам. Яшчэ ўстановяць палаткі з марозівам, салодкай ватай і іншымі прысмакамі.
Вікторыя КАНАВАЛЕНКА