Па выніках XXVІІІ рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» Сасноўская сельская бібліятэка ўдастоена 2 месца за імідж-праект «Радавод уладальнікаў зямлі сасноўскай» у намінацыі «За пошукавую і даследчую працу».okSAhcQ2Q6BmPvVifUER4CmajWfrFUfjPnxr9Mm5SfHo8t7cH8xFFzxpaHttiwA7NVDBGxJmEeB8

Такой жа ўзнагароды гэта ўстанова культуры была ўдастоена тры гады таму за даследніцка-краязнаўчы праект «Любы сэрцу сасновы край…», які складаецца з дзвюх частак: «Летапіс вёскі» і «Праваднік па роднаму краю».

«Для бібліятэкара Ніны Ларковай (на здымку) краязнаўства — гэта стан душы, — характарызуе жанчыну дырэктар Віцебскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Галіна Нісневіч. — Цудоўна, што ёсць людзі, якія з энтузіязмам вывучаюць гісторыю роднага краю, шукаюць карані знакамітых продкаў і перадаюць гэтыя веды падрастаючаму пакаленню».

Новы даследніцкі праект бібліятэкі звязаны з вывучэннем радаслоўных Магучых і Шавярноўскіх — землеўладальнікаў краю, чые нашчадкі зараз жывуць у Расіі і Польшчы. Шмат часу Ніна Лявонаўна правяла на польскіх сайтах. Дзякуючы аднаму з іх было дакладна ўстаноўлена 6 пакаленняў дваранскага роду Магучых, тры з якіх пражывалі ў маёнтку Гародня.

У выніку ўпартай працы і перапіскі з прамым патомкам сям’і Магучых Арсеніем Магучым Ніна Ларкова адшукала яшчэ аднаго прадстаўніка роду — Андрэя Магучага, які працуе рэжысёрам у Вялікім драматычным тэатры імя Г. А. Таўстаногава (Санкт-Пецярбург). Пасля працяглай перапіскі, абмену дакументамі, інфармацыяй і фотаздымкамі радаслоўная Магучых была завершана.

Па той жа схеме была складзена радаслоўная дваранскай сям’і памешчыкаў Шавярноўскіх з 5 пакаленняў. Сын Станіславы Магучай і Пятра Шавярноўскага Уладзімір — чалавек з сусветным імем, ваенны інжынер-архітэктар, які жыў у Санкт-Пецярбургу. Па яго праекце быў пабудаваны дом-сядзіба ў вёсцы Броўшчына для маці і нянькі, сам ён прыязджаў сюды на адпачынак.

Апрача пошукава-даследніцкай працы, Ніна Ларкова стала ініцыятарам і галоўным арганізатарам праекта па добраўпарадкаванні тэрыторыі сямейных могілак Магучых. Працяглы час праводзіліся работы па ачыстцы ўчастка, выроўніванні яго пяском, падрыхтоўцы і ўстаноўцы таблічак «Сямейныя могілкі памешчыкаў Магучых» і «Тут у 1800 годзе была пабудавана драўляная капліца Гараднянскага Узвіжання Крыжа Гасподня, якая праіснавала да 40-х гадоў XX стагоддзя». Сёння тэрыторыя агароджана, добраўпарадкавана, устаноўлены крыж.

Ніна Лявонаўна пераканана, што кожны павінен пакінуць на зямлі добры след, каб перадаць штосьці карыснае сваім патомкам.

Ніна ТОНІНА