
У Год малой радзімы культработнікі аграгарадка Мазалава працягваюць знаёміць жыхароў і гасцей населенага пункта з творчасцю мясцовых паэтаў, мастакоў і майстроў народных мастацкіх рамёстваў праз правядзенне разнапланавых мерапрыемстваў.
Так, у Мазалаўскай сельскай бібліятэцы выдатная нагода сабрала прыхільнікаў мастацтва. Тут прайшло ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы маладога майстра і мастачкі Анастасіі Махлаевай (на здымку).
Выстава пад назвай «На шляху да гармоніі» стала сапраўдным святам для жыхароў гасціннага Мазалава. На ёй прадстаўлена больш за дваццаць работ — карціны, вырабы з лазы і гліны, якія здзіўляюць багаццем фарбаў, жанраў і сюжэтаў.
Анастасія працуе ў розных тэхніках, валодае некалькімі відамі рамёстваў, а сярод яе карцін можна ўбачыць і партрэты, і нацюрморты, і пейзажы… Як мастак і майстар, мае свой стыль і почырк. Кожная работа — маленькі мастацкі цуд. Яна неаднаразова станавілася ўдзельніцай і пераможцай розных конкурсаў і выстаў. Дарэчы, гэта ўжо не першая персанальная выстава Анастасіі.
Нарадзілася яна ў Мінску. Цікавы той факт, што калі Анастасіі было дзесяць месяцаў, яна разам з маці «абараняла» дыпломную работу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, з бацькам «наведвала» лекцыі па начартальнай геаметрыі ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. Пасля заканчэння ўніверсітэта Андрэй Паўлавіч быў размеркаваны на працу на Віцебшчыну. Так маленькая Анастасія трапіла з бацькамі ў Мазалава, дзе скончыла школу (падчас навучання ў ёй наведвала гурток па дэкаратыўна-прыкладной творчасці). У 2019 годзе паспяхова закончыла першую ступень Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа (мае дыплом з адзнакай), дзе атрымала спецыяльнасць выканаўцы мастацка-афарміцельскіх работ. На сённяшні дзень працягвае навучанне ў каледжы на другой ступені. Цяга да мастацтва перадалася Анастасіі на генетычным узроўні, бо яе маці Святлана Якаўлеўна — творчая асоба, некаторы час узначальвала Мазалаўскі сельскі дом культуры, а сёння працуе ў мясцовым сельскім Савеце.
Анастасія не толькі мастак, майстар, добры і творчы чалавек, яна — цудоўны музыкант — шыкоўна іграе на цымбалах. Гэтаму майстэрству навучылася ў выкладчыка Мазалаўскай дзіцячай школы мастацтваў Наталлі Бардзінай.
Наведаць выставу і дакрануцца да творчасці мазалаўскай мастачкі можна да канца ліпеня.
Андрэй СТРУНЧАНКА