У немаладым узросце жанчына займаецца спортам, трымае гаспадарку і актыўна ўдзельнічае ў аб’яднаннях па інтарэсах мясцовага аддзялення Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Аднавяскоўцы ведаюць Ксенію Іванаўну як вопытнага майстра швейнай справы — амаль усё жыццё поруч з жанчынай нязменна знаходзіцца нітка з іголкай, а кавалак простай тканіны ў яе руках хутка пераўтвараецца ў стыльную сукенку. Зімовай парой швейная машынка саступае месца пруткам, тады на свет з’яўляюцца каляровыя рукавіцы і ўзорныя вязаныя шкарпэткі.
Але галоўнай справай усяго жыцця была і застаецца сельская гаспадарка. Ксенія нарадзілася ў вёсцы Варанова Заронаўскага сельсавета ў вялікай сям’і, таму любіць і шанаваць зямлю яе прывучылі яшчэ ў дзяцінстве. Гэтая звычка да сённяшняга дня з’яўляецца асноўнай для падтрымкі яе жыццёвага патэнцыялу. З пачатку вясны Ксенія Іванаўна пачынае распрацоўваць зямельны план, а гэта — справа нялёгкая, бо ўвагі патрабуюць цэлых чатыры агароды! Ганарыцца жанчына сваёй калекцыяй клубніц і малін. Радуе вока сапраўдны кветкавы рай, які Ксенія Шніткоўская стварыла пад вокнамі сваёй хаты — тут какетліва ківаюць бутонамі кустовыя ружы, усміхаюцца гарэзы-рамонкі, захапляюць анюціны вочкі.
— Сакрэт вечнай маладосці — не столькі фізічнай, колькі духоўнай, я знайшла ўжо даўно. Працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць. Мне, як чалавеку, які ўсё жыццё пражыў у вёсцы, патрэбна зямелька і свая гаспадарка. У нейкай ступені я падобна да руплівай пчолкі, —усміхаецца Ксенія Іванаўна.
Жанчына сочыць за сваім здароўем. Летам неад’емным пунктам распарадку дня з’яўляецца 5 — кіламетровы шлях на веласіпедзе. Зімой двухкалёсны транспарт замяняюць палкі для скандынаўскай хады. У вольны час Ксенія Іванаўна наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту, дзе кожны жадаючы можа знайсці сабе занятак па душы і сустрэцца з сябрамі.
Я лічу, што межы дазволенага ў пэўным узросце кожны чалавек вызначае для сябе сам. Быць маладым душой нягледзячы ў пашпарт — гэты прынцып дапаможа пражыць нават 100 год, калі глядзець на лёс праз прызму аптымізму.
Пацверджанне гэтага — незгасальны агеньчык у вачах Ксеніі Іванаўны і прага да новых адкрыццяў.
А. Гвоздзева, студэнтка 3-га курса факультэта журналістыкі БДУ.