Дом культуры ў аг. Тулава часта радуе сваіх наведвальнікаў творчымі вынаходкамі. Загадчык установы Марына Яско заўважае, што мясцовыя людзі любяць не толькі назіраць за прадстаўленнямі, але і прымаць удзел у мерапрыемстах.

На здымку: лаўрэаты другой ступені ў абласным аглядзе-конкурсе гульнёвых праграм на рэпетыцыі.

На здымку: лаўрэаты другой ступені ў абласным аглядзе-конкурсе гульнёвых праграм на рэпетыцыі.

— Праз гульнёвую дзейнасць можна данесці любую інфармацыю як да дарослых, так і да маленькіх. Праз забавы лягчэй устанавіць кантакт. Усе людзі схільныя да іх, заўсёды ўдзельнічаюць з задавальненнем, — распявядае Марына Валер’еўна. — Я даўно думала, як аб’яднаць гледачоў і артыстаў. Вырашылі з калектывам зрабіць тэатр гульні. Гэты напрамак зараз становіцца вельмі папулярным. Але і тут нам захацелася крэатыву!

Культработнікі вырашылі паказаць казку пра Калабка, але ў якасці сцэнарыя ўзялі не народнае апавяданне, а напісалі аўтарскую праграму. Так новы Калабок, ролю якога выканала Марыя Шаўрова, сустракаўся з Зайчыкам, Мышкай і Курачкай. Спадарожнікамі галоўнага героя сталі адпаведна Ксенія Прызба, Алена Жыгалка, Ірына Шчабляцова. Казка не абышлася без вядучага — Марыны Яско і дзяўчынкі Машанькі, якая па сюжэту пякла Калабка, — Алесі Яршовай. Артысты не толькі расказвалі казку на сцэне, але і выконвалі заданні з гледачамі: адгадвалі загадкі, састаўлялі словы з шарыкаў, збіралі суніцы ды яйкі.

Дарэчы, касцюміраваныя прадстаўленні лепей успрымаюць, а лялек на сцэне любяць яшчэ больш. У раёне жыве майстрыха на ўсе рукі Кацярына Забабурына, якая працуе загадчыкам Сасноўскага сельскага клуба. Яна даўно цікавіцца шытымі лялькамі, якія ў яе атрымліваюцца вельмі прыгожыя, з такімі добрымі вочкамі. Яна і дапамагла ўвасобіць ідэю ў жыццё: «спякла» Калабака і астатніх герояў казкі. Дэбют прадстаўлення прайшоў на ура, хаця і паказвалі яго анлайн. Ацанілі творчасць не толькі журы конкурсу, але і падпісчыкі ютуб-канала Дома культуры.

— На дні адкрытых дзвярэй нашай установы мы запланавалі паказаць у рэальнасці казку пра Калабка аднавяскоўцам, потым збіраемся «павандраваць» крыху з ёй па раёне. Я ўпэўнена, што новы Калабок прыйдзецца па душы людзям, — адзначыла загадчык Тулаўскага сельскага Дома культуры. — Спыняцца на гэтым мы не будзем. Ужо прыдумалі новую тэатралізаваную гульню «Гарадок вясёлых клоунаў». Працягнем далучаць дзяцей да нашай працы, каб яны былі ўжо не гледачамі, а артыстамі. Такі фармат ім дакладна падабаецца!

Вікторыя КАНАВАЛЕНКА