Падведзены вынікі IX абласнога агляду-конкурсу харэаграфічных калектываў Віцебшчыны, прысвечанага заслужанаму дзеячу культуры Беларусі Івану Арцёмавічу Серыкаву. Праводзіцца ён з 2001 года з мэтай папулярызацыі, аднаўлення і захавання танцавальнай спадчыны І. А. Серыкава, павышэння ўзроўню выканальніцкага майстэрства калектываў мастацкай творчасці. У бягучым годзе з-за эпідэміялагічнай сітуацыі мерапрыемства прайшло дыстанцыйна.
Танцавальная спадчына Івана Арцёмавіча Серыкава жыве. Яго пастаноўкі, якія аднойчы ўвайшлі ў рэпертуар таго ці іншага калектыву мастацкай творчасці, і па сённяшні час застаюцца неад’емнай арганічнай часткай у агульнай тканіне харэаграфічнага мастацтва Віцебшчыны.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 30 харэаграфічных калектываў з розных куткоў вобласці, якія прадэманстравалі сваё майстэрства ў трох намінацыях.
Віцебскі раён годна прадставіў ансамбль танца «STREKOZA» (на здымку) Мазалаўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Марыны Яроменка. Па рашэнні журы, якое ўзначаліў заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік і балетмайстар ансамбля танца, музыкі і песні «Талака» Віцебскай абласной філармоніі Мікалай Падаляк, прадстаўнікі Прыдзвіння
адзначаны дыпломам лаўрэата ІІ ступені ў намінацыі «На лепшую новую балетмайстарскую пастаноўку беларускай накіраванасці». Таксама «STREKOZA» ўзнагароджана дыпломам за зберажэнне і папулярызацыю танцавальнай спадчыны Віцебшчыны.
Галоўны балетмайстар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Панэ адзначыла, што з кожным разам расце не толькі масавасць агляду-конкурсу, але і мастацкі ўзровень. А значыць, гэта свята будзе жыць!
Андрэй СТРУНЧАНКА