Прадстаўнікі ўлады з ўсіх бакоў Прыдзвінскага краю сустрэліся на абласным свяце «Віцебская лыжня-2021». Далучылася да спартыўна-мастацкага мерапрыемства ў Гарадку дэлегацыя з нашага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Генадзіем Сабынічам.

Зіма ўжо пачала здаваць свае пазіцыі, але на лыжаролернай трасе, якая размешчана ва ўнікальным месцы вобласці — урочышчы Вераб’ёвы горы, снег і мароз захоўваюцца даўжэй, чым у іншых кутках Віцебшчыны. Прыхільнікаў здаровага ладу жыцця надвор’е сустрэла вясновым капяжом. Але ні плюсавая тэмпература, ні невялікі дожджык, што часам крапаў, не перашкодзілі адбыцца галоўнаму зімоваму спартыўнаму святу рэгіёна.

Падчас цырымоніі адкрыцця старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў, што сёлета зіма дазволіла камандам трэніравацца амаль са снежня, таму заявак у гэтым годзе было значна больш. Ён звярнуў увагу на тое, што ў рэгіёне штогод уводзіцца ў строй шмат спартыўных аб’ектаў, але гэтага ўсё роўна недастаткова — колькасць жадаючых трэніравацца расце яшчэ хутчэй. Для ўсіх узростаў ёсць свае віды спорту, усе хочуць быць здаровымі, стройнымі, падцягнутымі, весці актыўны лад жыцця.

«Мы рады, што свята сабрала каманды практычна з усіх раёнаў і розных узроўняў падрыхтоўкі. Спартсмены выкладваюцца на поўную. Ніхто не будзе ў пройгрышы, усе застануцца з добрым настроем, — рэзюмаваў кіраўнік вобласці. — У «Віцебскай лыжні» галоўнае — гэта жаданне выйсці на дыстанцыю і выкласціся, адстаяць гонар свайго раёна, прадпрыемства, арганізацыі, калектыву».

Пазітыўны тон мерапрыемству задала канцэртная праграма творчых калектываў Гарадоччыны. Амаль усе ўдзельнікі і госці спявалі разам з прыгожымі дзяўчынкамі-снягуркамі радкі песні «Я тебя люблю, я тобой горжусь, я за тебя сердцем, Беларусь». Пасля ўрачыста перадалі святочны агонь, які даў старт лыжным спаборніцтвам.

Першымі на трасу выйшлі праверыць сваю фізічную падрыхтоўку ў лыжнай эстафеце прадстаўнікі органаў улады. Каманда аблвыканкама на чале с Мікалаем Шарснёвым выступала па-за конкурсам і паказала найлепшы час гонкі.

У рамках заліку другога заезду гаспадары гор, якія таксама выступалі па-за конкурсам, апярэдзілі каманды прадстаўнікоў райвыканкамаў. Дэлегацыя Віцебскага раёна змагалася за лідэрства з гасцямі з Бешанковічаў. На апошнім крузе Генадзій Сабыніч паказаў майстар-клас і прыехаў хутчэй за саперніка.

— Галоўнае — не перамога, а ўдзел! Свой прыз атрымаў у гэты дзень кожны, хто выйшаў на старт, бо нічога даражэй здароўя няма, — сказаў на заканчэнне Генадзій Генадзьевіч, падкрэсліўшы, што толькі ў здаровым целе — здаровы дух, які і будаваць, і жыць дапамагае.

Масу станоўчых эмоцый падарылі арганізатары мерапрыемства дзецям. Для іх былі арганізаваны забавы і нават свае Алімпійскія гульні. Прыцягвалі іх увагу і выставы зброі і тэхнікі МНС.

Матч па футболе на снезе адмянілі з-за надвор’я. Знайшлі сваіх прыхільнікаў армрэстлінг, шашкі, шахматы, гіравы спорт.

Прыдзвінцы не хавалі захаплення ад культурна-забаўляльнай праграмы. Шчодрымі на пачастункі былі падворкі ўстаноў адукацыі і культуры, дзе разам з пакупкамі раздавалі добры настрой. Пад гукі гармонікаў за абедзве шчакі ўпляталіся дранікі і іншыя стравы беларускай кухні. Сярод гарадоцкіх гаспадынь бойка ішоў гандаль і ў прадстаўнікой Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі. Духмяны шашлык і мяккія булачкі запрашалі сваім пахам усіх гасцей мерапрыемства. Фірмавая прадукцыя птушкафабрыкі карысталася не меншым попытам.

Узнагароды пераможцам і прызёрам лыжнай эстафеты ўручыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Ён адзначыў, што «Віцебская лыжня» — гэта свята здаровага цела і духу, якое набывае ўсё больш высокі статус і аўтарытэт.

Нехта ў гэты дзень атрымаў кубак ці медаль, іншы — зарад бадзёрасці і сіл. Але кожны ад’язджаў дадому з прыемнымі ўражаннямі і добрым настроем.

Вікторыя КАНАВАЛЕНКА