Грамадзянска-патрыятычны праект «Жывая памяць пакаленняў» Віцебскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы удастоены дыплома другой ступені з выплатай грашовага ўзнагароджання ў памеры 40 базавых велічынь па выніках XXIX рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры».
Намінацыя «За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем», у якой вызначыліся нашы бібліятэкары, сёння набыла ў грамадстве асаблівую актуальнасць.
У праект увайшлі дакументальныя матэрыялы, відэафільм, напрацоўкі бібліятэк сістэмы, прымеркаваныя да 75-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Здзіўляе аднайменная кніга-банер памерам 1,0 х 1,4 метра, якая аб’ядноўвае інфармацыйны і графічны блокі, згрупаваныя па 8 раздзелах. Прыцягваюць увагу лепшыя буктрэйлеры «Гаворыць і паказвае КНІГА!»; анлайн-конкурсы «Паэтычны герой» (Капцянская бібліятэка), «Памяць палаючых год» (Ноўкінская), «Мы пра вайну гаворым вершамі» (Акцябрская), «Урокі Перамогі» (Тулаўская).
Вялікую каштоўнасць маюць інфармацыйна-бібліяграфічныя ўказальнікі «Памятаем вайну, памятаем герояў» (пра землякоў — ветэранаў Вялікай Айчыннай), «Вялікаму подзвігу — памяць і ўдзячнасць пакаленняў» (пра ваенныя падзеі на тэрыторыі раёна), падрыхтаваныя супрацоўнікамі цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Юбілею Вялікай Перамогі былі прысвечаны таксама міжнародныя праекты: «Сямейныя гісторыі пра вайну» ў форме інтэрнет-дзённіка чытачоў бібліятэк Беларусі, Пскоўшчыны (Расія), Латвіі і Эстоніі. На сайт Пскоўскай універсальнай навуковай бібліятэкі ў раздзелы дзённіка былі адпраўлены матэрыялы «Асобы вайны», «Галасы вайны», «Дакументы», сабраныя бібліятэкарамі Прыдзвіння.
У міжнародным праекце «Гісторыя маёй сям’і», ініцыяваным ЦБС г. Пскова, прынялі ўдзел Курынская, Альгоўская, Акцябрская, Капцянская бібліятэкі, якія прадставілі відэаролікі з успамінамі ўнукаў і праўнукаў пра сваіх родных — удзельніках вайны.
У верасні мінулага года супрацоўнікі Віцебскай РЦБС сталі ўдзельнікамі праекта «Кніжныя масты дружбы», які аб’яднаў бібліятэкараў Віцебска, Оршы, Пскова і Вялікіх Лук. На Skype-канферэнцыю Віцебская цэнтральная раённая бібліятэка прадставіла анлайн-праект для дзяцей і падлеткаў «Савецкая бранятанкавая тэхніка перыяду Вялікай Айчыннай вайны».
Усе вышэйназваныя матэрыялы і мерапрыемствы леглі ў аснову праекта «Жывая памяць пакаленняў».
Ніна Сталярэнка