Вуліца Аршанская ў аграгарадку Акцябрская адна з самых маладых і ажыўленых. Да пары ёй і ўзроставы цэнз жыхароў. Тут вялікая колькасць маладых і шматдзетных сем’яў. Менавіта для іх арганізавалі свята вуліцы мясцовыя культработнікі.

За апошнія некалькі год на вуліцы Аршанскай вырас цэлы мікрараён. У два самыя першыя дамы на пачатку 90-х перасяліліся ваеннаслужачыя з Прыбалтыкі. Затым вакол іх на пустцы з’явілася яшчэ 6 пяціпавярховак, у двух з іх сацыяльнае жыллё атрымалі шматдзетныя сем’і з усяго раёна. На вуліцы тры гандлевыя аб’екты. На дваравых тэрыторях абсталяваны тры дзіцячыя пляцоўкі, якія ніколі не пустуюць. Добрым падарункам для мясцовай дзятвы стала поле для гульні ў міні-футбол са штучным пакрыццём, адкрыццё якога адбылося ў межах рэспубліканскага праекта «Bonfesto — детям» у кастрычніку мінулага года.

З салодкім пачастункам, музыкай і спевамі ў дзень Мядовага Спасу на Аршанскую завіталі супрацоўнікі Акцябрскага дома культуры са сваімі артыстамі. З традыцыямі праваслаўнага свята азнаёміла прысутных кіраўнік гуртка Ларыса Якаўлева. У пацверджанне іх гледачоў частавалі мёдам, асабліва да спадобы прыйшоўся ласунак дзятве.

Канцэрт распачалі пад адкрытым небам на зялёным поплаве паміж дамамі. Лірычнымі душэўнымі песнямі парадавалі «аршанцаў» вакальная група «Каханачка», загадчык Дома культуры Аляксандр Вялічка, культарганізатар Наталля Галуза і артысты з ліку жыхароў Акцябрскай: Аляксандр Шчарбакоў, Уладзімір Курбака, Аляксандра Шылава. Разынкай праграмы стала выступленне танцавальнага калектыву «Фантазія» пад кіраўніцтвам Алы Кысавай. «Кадрыля», «цыганачка» і іншыя задорныя танцы вымусілі пусціцца ў скокі і гледачоў. А па заканчэнні канцэрта ў цесным коле танцавалі ўсе — і жыхары вуліцы Аршанскай, і госці, якія падарылі насельніцтву мікрараёна сапраўднае свята.

Ніна ТОНIНА
Фота аўтара