Напрыканцы жніўня адбылася турыстычная паездка членаў Віцебскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў г. Гродна, прысвечаная 100-годдзю грамадскага аб’яднання.
Нас заваражыла экскурсія па старажытным горадзе, падчас якой мы пазнаёміліся з Каралеўскімі замкамі на беразе Нёмана, зазірнулі ў велічны касцёл Святога Францішка Ксаверыя, намоленую праваслаўную святыню XII стагоддзя Каложскую царкву, праслухалі канцэрт арганнай музыкі, на які нас запрасілі ў кірху — адзіны на Беларусі лютэранскі храм.
Калектыў педагогаў цікавіўся не толькі старажытнымі збудаваннямі, але і афармленнем тэрыторыі ўстаноў адукацыі, натхняўся ідэямі для ўпрыгожвання сваіх школ.
Гродна называюць каралеўскім горадам, і мы пагадзіліся з гэтым. Сапраўды, здзіўляе прыгажосць, чысціня і мора кветак, арыгінальна аформленыя будынкі. Шмат помнікаў гістарычным асобам і падзеям беларускай гісторыі.
Начавалі на базе адпачынку «Прывал», дзе таксама атрымалі прыемныя ўражанні. Гэта месца ў сасновым лесе на беразе Нёмана, дзе створаны шыкоўныя ўмовы для турыстаў і гасцей горада. Тут можна забыць пра праблемы і «перазагрузіць» душу і цела.
Уразіла экскурсія на Аўгустоўскі канал — выбітны аб’ект гідратэхнічнага будаўніцтва, пабудаваны ў 1839 годзе. Яго працягласць больш за 100 км, злучае рэкі Віслу і Нёман. На канале 18 шлюзаў, шмат мастоў і плацін. Прагулка на цеплаходзе і праход праз адзін са шлюзаў — дзівоснае відовішча.
Наведванне агратурыстычнага комплексу «Гарадзенскі маёнтак «Каробчыцы» прынесла нам мора эмоцый і масу задавальнення. Сядзіба знаходзіцца непадалёку ад Гродна, яе стваральнікі пастараліся аднавіць атмасферу раскошы і велічы, якімі славіліся старадаўнія дамы беларускай шляхты.
Падарожжа пакінула самыя яркія ўражанні і надала педагогам жадання працаваць і ствараць у сваіх установах адукацыі такую прыгажосць. Мы ўдзячны прафсаюзнаму лідэру Святлане Ясевіч за добры адпачынак перад новым навучальным годам.
Людміла Нікіціна, педагог