Першы ўрок у Год народнага адзінства ў Суйкаўскай базавай школе для сямікласнікаў правялі ваенны камісар горада Віцебска, Віцебскага і Лёзненскага раёнаў Аляксандр Сяржантаў і начальнік аддзела ваеннага прызыву Аляксандр Ахрамовіч.

Першага верасня ў Суйкаўскай школе было як ніколі ажыўлена: на калідорах мільгалі белыя банты і стракатыя букеты, чырванелі піянерскія гальштукі і звонка стукалі абцасы новых чаравікоў.
Спяшаліся на сваю першую лінейку і тыя, хто яшчэ зусім нядаўна скончыў дзіцячы садок, сёлета гэта дванаццаць першакласнікаў. Дырэктар школы Таццяна Краўчанка звярнулася да прысутных з віншавальным словам і з радасцю запрасіла ў вялікую школьную сям’ю новых вучняў.
У 2021-2022 навучальным годзе ва ўстанове будуць навучацца 80 чалавек, а гэта — нядрэнны паказчык для базавай школы. Кіраўніцтвам установы адукацыі створаны ўсе ўмовы для якаснага і камфортнага навучання. Новая тэхнічная база дазваляе праводзіць заняткі ў інтэрактыўнай форме, кожны вучань атрымлівае настаўніцкую ўвагу і падтрымку. Дзякуючы гэтым фактарам, вясковую школу наведваюць 27 гарадскіх дзяцей.

На першы ў навучальным годзе ўрок, прысвечаны Году народнага адзінства, да сямікласнікаў завіталі паважаныя госці з ваенкамата і нездарма, бо ў класе навучаюцца 8 хлопчыкаў, якія ў наступным годзе дасягнуць 14-гадовага ўзросту. Аляксандр Сяржантаў распавёў для вучняў пра дасягненні нашай краіны, развіццё медыцынскай і IT-сфер. На інтэрактыўнай дошцы былі прадстаўлены культурныя аб’екты Беларусі, яе гістарычныя асобы і выдатнікі. Аляксандр Ахрамовіч распавёў пра службу ў арміі, магчымасць служыць па кантракту і адзначыў, што для дзяўчат таксама ёсць вакансіі.

— Зараз вельмі важна выхоўваць у моладзі пачуццё патрыятызму і гонару за краіну, землякоў, якія тут жывуць. На жаль, сёння маладое пакаленне ўсё часцей не ведае пра гераічнае мінулае беларусаў, іх подзвігі, таму ў нас і настаўнікаў важная місія — выхаванне нашчадкаў, якія сваімі добрымі справамі будуць праслаўляць тое месца, дзе жывуць, — адзначыў ваенны камісар.

Напрыканцы сустрэчы школьнікам пажадалі ўпартасці, дасягнення пастаўленых мэтаў, настаўнікам — натхнення і незгасальнай энергіі. Дамовіліся, што ваенкамат заўсёды гатовы расчыніць свае дзверы для зацікаўленых экскурсантаў.

Аляксандра СЛАВІНА
Фота аўтара