Пад такой назвай на працягу лістапада на Віцебшчыне ў шосты раз ладзілася абласное свята-конкурс вясельных абрадаў.

Упершыню такі фальклорны форум прайшоў у Дуброўна, затым — у розных раёнах вобласці. У бягучым годзе з-за эпідэміялагічнай сітуацыі свята-конкурс прайшло дыстанцыйна. Але, нягледзячы на фармат, яно сабрала вялікую колькасць удзельнікаў з розных куткоў Віцебшчыны. Праграма фэста ўключыла конкурс прадстаўлення вясельных караваяў, прэзентацыю на лепшую сваццю ці свата «Без мяне мяне ажанілі», выставу вясельных паясоў, а таксама відэаконкурс «Традыцыйная гульня ў сучасным вяселлі».
Віцебскі раён на свяце-конкурсе прадставілі народны ансамбль народнай песні і музыкі «Вераснянка» Мазалаўскага сельскага дома культуры і майстры народных мастацкіх рамёстваў Цэнтра рамёстваў «Адраджэнне» — Аляксандра Хайсава (на здымку) і Яўген Гетманаў, якія ўзнагароджаны дыпломамі за зберажэнне і папулярызацыю народных традыцый.
Так, «Вераснянка» паказала абрад выпечкi вясельнага каравая, заснаваны на мясцовым матэрыяле па выніках фальклорных экспедыцый і вывучэння працы вядомага асветніка Ігната Манькоўскага. Аляксандра Хайсава прадэманстравала калекцыю вясельных паясоў, а Яўген Гетманаў рэканструяваў вясельны пояс пачатку ХХ стагоддзя. Таксама на выставе быў прадстаўлены і сам этнаграфічны экспанат — пояс, які ў 2020 годзе з Курынскай школы быў перададзены ў фонды залы этнаграфіі раённага Цэнтра рамёстваў. Невядома, хто з’яўляецца аўтарам пояса, але дакладна вядома, што ён быў створаны на тэрыторыі сучаснага Віцебскага раёна.

Андрэй Струнчанка
Фота прадстаўлена Цэнтрам рамёстваў «Адраджэнне»