Жыхарам і гасцям аграгарадка Мазалава добры настрой і сваю творчасць больш за дзесяць гадоў дораць прадстаўнікі музычнай, тэатральнай і арыгінальнай сям’і Дрыгебка з Віцебска, для якіх Дом культуры — штодзённая праца, натхненне і асалода.
Праўду кажуць: быць работнікам культуры — значыць, жыць, дыхаць творчасцю… Гэта пра Аксану і Уладзіміра Дрыгебка, якія шчыруюць у галіне культуры не адно дзесяцігоддзе.
Аксана Міхайлаўна нарадзілася ў Віцебску, Уладзімір Рыгоравіч — у Марыупалі. Свой лёс знайшлі ў Віцебскім музычным вучылішчы, дзе спаткаліся ў 1986 годзе. З таго часу і па сённяшні дзень яны жывуць музыкай і тэатрам.
Як ўсе навучэнцы Аксана і Уладзімір хадзілі на заняткі, пасля якіх наведвалі кіно ці кафэ і абавязкова — кніжны магазін на вуліцы Суворава (так сабралі вялікую бібліятэку выдатных кніг). Пазней з’явілася сям’я, нарадзілася дачка Юлія.
Сёння Аксана Міхайлаўна працуе на пасадзе культарганізатара, да гэтага была мастацкім кіраўніком. Асноўную працу сумяшчае з акампаніраваннем вядомаму ў рэгіёне народнаму ансамблю народнай песні і музыкі «Вераснянка». Зараз Аксана Дрыгебка павышае сваю кваліфікацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Да прыходу ў Мазалаўскі сельскі дом культуры больш за дваццаць год яна працавала ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. За добрасумленную працу, выхаванне і навучанне падрастаючага пакалення неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі. У бягучым годзе падчас святкавання прафесійнага свята за высокі прафесіяналізм, зберажэнне і папулярызацыю культурных традыцый узнагароджана граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага райвыканкама.
Аксана — чалавек шчыры і сціплы. Умела іграе на фартэпіяна і цымбалах, займаецца вырабам лялек і цацак… Добрая жонка, маці і бабуля.
Уладзімір доўгі час працаваў у будаўнічай галіне. У сферы культуры некаторы час быў акампаніятарам народнага жаночага клуба «Залаты ўзрост» Мазалаўскага СДК. З першых дзён творчай дзейнасці «Вераснянкі» з’яўляецца яе актыўным удзельнікам.
Не толькі музыка аб’ядноўвае нашых герояў. Яны захапляюцца і тэатрам. Так, ніводны спектакль у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа не праходзіць без іх. Аксана Міхайлаўна і Уладзімір Рыгоравіч прымаюць актыўны ўдзел у жыцці тэатральнага калектыву «Вобраз» Мазалаўскага ДК. Яны выконвалі ролі ў спектаклях «Маленькі прынц», «Ноч перад Ражством», «Снежная каралева», «Карнавальная ноч»… Зараз рыхтуюцца здзівіць гледачоў новымі вобразамі ў пастаноўцы «Вяселле ў Малінаўцы».
Працуючы ў сферы культуры, не забываюць Аксана і Уладзімір пра сямейныя святы, падчас якіх за сталом збіраецца дружная сям’я. Дачка Юлія і ўнучка Аліса нарадзіліся і выраслі ў творчым асяроддзі, таму Аліса любіць спяваць пад баян, на якім іграе дзядуля, а Юлія добра іграе на фартэпіяна, ёй з дзяцінства былі даспадобы найгрышы ў выкананні мамы.
Каб быць шчаслівым, галоўнае — рэалізаваць сябе, мець любімую работу, жыць у міры і гармоніі, пераканана сям’я Дрыгебка.
Сваёй творчасцю і адданасцю любімай справе, гэтыя людзі запальваюць сэрцы, дораць радасць і добры настрой сваім гледачам, ствараюць свята, адчыняюць запаветныя дзверы ў свет чароўнага.
В. Жураўская, загадчык Мазалаўскага СДК
Фота з сямейнага архіва сям’і Дрыгебка