Мясцовыя жыхары спяшаюцца на ФАП не столькі за лекамі, колькі за «уколам» добразычлівасці і ўвагі.
Ранак сельскага ўрача пачынаецца з чаргі пацыентаў, якія прыходзяць у амбулаторыю, каб памераць ціск, атрымаць неабходную дозу таблетак, паставіць кропельніцу, а некаторыя, каб пагаварыць і атрымаць слушную параду. Малады фельчар Вераніка Піманава, якая не так даўно абслугоўвае насельніцтва на ФАПах у Пестуніцы і Заронава, упэўнена, што сакрэт яе прафесіі заключаецца ў добразычлівым падыходзе да кожнага чалавека, не зважаючы на ўзрост і сацыяльны статус.
Стаць медыкам дзяўчына марыла з дзяцінства, таму пасля школы ні кроплі не сумняваючыся паступіла ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі каледж. Хутка прабеглі студэнцкія гады, хацелася хутчэй акунуцца ў прафесію, дапамагаць людзям. З доўгачаканым дыпломам, у якім значылася пасада «Фельчар-акушэр, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе» Вераніка Піманава была накіравана на ФАП у Сушчова, там бліжэй пазнаёмілася з вяскоўцамі і сельскім каларытам. Пасля па патрэбе была пераведзена ў Пестуніцу. Сёння апантаны сваёй справай урач паспявае абслугоўваць насельніцтва двух вёсак, паміж якімі 8 кіламетраў: панядзелак, серада, чацвер — у Пестуніцы, аўторак і пятніца — у Заронава. У любое надвор’е з медыцынскім чамаданчыкам Піманава крочыць на ФАП, каб выслухаць і дапамагчы маленькім дзеткам і іх бацькам, пажылым бабулям і дзядулям.
Амаль кожны дзень, акрамя прыёму на ФАПе, спяшаецца наведаць пацыентаў па месцы жыхарства. У зімні перыяд асабліва абвастраюцца хранічныя захворванні, і нялёгкая эпідэмічная сітуацыя прыбавіла працы.
Вераніка Ігараўна прымала ўдзел у праекце Чырвонага Крыжа «Вакцынацыя супраць COVID: пачатковы этап», разам з валанцёрамі выязджала ў аддаленыя вёскі сельсавета па заяўках людзей пажылога ўзросту, каб зрабіць прышчэпку кожнаму, хто хоча зберагчы сваё здароўе. Нягледзячы на цяжкасці працы з насельніцтвам, запалены яшчэ ў каледжы агеньчык натхнення і сёння не згасае ў вачах доктара.
— Я лічу, што галоўнае ў маёй прафесіі — быць чалавечным, адносіцца да кожнага пацыента аднолькава, імкнучыся па магчымасці зрабіць усё для паляпшэння яго стану. І, канешне, сумленна прытрымлівацца клятвы Гіпакрата, — адзначыла фельчар.
У вольны час доктар любіць ставіць эксперыменты на кухні, прыдумваць новыя рэцэпты і ствараць кулінарныя вынаходніцтвы. Так бывае толькі два дні на тыдзень, а раннім панядзелкам яна зноў апранае свой белы халат і прымае бясконцую чаргу жадаючых атрымаць параду, лекі і зарад добрага настрою.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота аўтара